Чаму афіцына – крывая? Гісторыя плошчы Антонія Тызенгаўза ў Гродне

Плошча Антонія Тызенгаўза – адна з першых у Беларусі гарадскіх цэнтраў, пабудаваных цалкам па задумцы аднаго архітэктара. Праўда, захавалася яна не цалкам, але і па захаванай частцы задумка архітэктараў Іагана Мёзера і Джузэпэ Сака добра бачная. Вылучаецца сваёй архітэктурай трохпавярховы закруглены будынак, вядомы як крывая афіцына. А ці ведалі вы, што першы яе паверх быў галерэяй, а трэці – мансардным?
Губернатарская, Дварцовая, Тызенгаўза
Сучасная плошча Тызенгаўза сфармавалася ў 1765–1785 гадах як адміністрацыйны і культурны цэнтр Гарадніцы. Распрацоўка праекта на землях каралеўскага фальварка дазволіла архітэктарам апрабаваць на практыцы “ідэальныя” прынцыпы планіравання позняга барока. Праўда, яны так і не былі ўвасоблены поўнасцю. Да 1793 года забудова плошчы, згодна з праектам, была яшчэ не скончана, а пазней да рэалізацыі першапачатковага праектнага плана так і не вярнуліся.Вядома, што сіметрычна крывой афіцыне пачалося ўзвядзенне падобнага будынка. На плане 1780 года ўказана, што “закладзены фундамент пад каравульню”, але па нейкіх прычынах гэта будаўніцтва не было завершана. Падчас земляных прац сорак гадоў таму на месцы меркаванага знаходжання будынка-“блізнюка” крывой афіцыны былі адшуканы скляпеністыя падмуркі з буйнапамернай цэглы XVIII ст.
У XIX ст. плошчу называлі Гарадніцкай альбо Губернатарскай, паколькі ў гэты час палац Тызенгаўза займаў гродзенскі губернатар. У 1864-м назву змянілі на Дварцовую, яна выкарыстоўвалася да 20-х гадоў мінулага стагоддзя.
Флігель з мансардай і галерэяй
З гістарычнай забудовы, узведзенай па праекце Джузэпэ Сака ў XVIII ст., захаваліся некалькі будынкаў. Сярод іх так званы музычны флігель, або крывая ці тэатральная афіцына, узведзеная каля 1764 года. Да нашага часу ён дайшоў у значна перабудаваным выглядзе. Так, цалкам зменена планіроўка: мансардавы паверх перароблены ў звычайны, замуравана галерэя першага паверха, зроблены балконы.Першапачаткова будынак быў двухпавярховы, з мансардай, меў калідорную планіроўку. На першым і другім паверхах размяшчаліся невялікія залы і класы для заняткаў. У мансардзе аналагічнай планіроўкі жылі навучэнцы і настаўнікі. Першы паверх меў з боку плошчы арачную галерэю з пандусамі. Верагодна, што з будаўніцтва крывой афіцыны пачалася плошча Тызенгаўза.
Можна меркаваць, што існаванне галерэй на першым паверсе і запланаванай вартоўні насупраць сведчыла аб намеры вакарыстоўваць плошчу для арганізацыі тэатральных пастановак на адкрытым паветры. Няма сумневу, што падчас заканчэння будаўніцтва Джузэпэ Сака ўнёс у будынак значную меру сваёй індывідуальнасці. Напрыклад, форма даху нагадвала дах палаца ў Свяцку, які акурат у гэты час будаваўся.
Школа для будучых артыстаў
Паводле пачатковай задумы Іагана Мёзера, ніякай тэатральнай або музычнай “спецыялізацыі” гэты будынак не меў. Праект Мёзера і далейшыя будаўнічыя задумы Сака рэалізоўваліся больш марудна, чым ажыццяўляў сваю кіпучую дзейнасць гродзенскі стараста Антоній Тызенгаўз. У 1774 годзе ён заснаваў у Гродне тэатральную школу, а ў крывой афіцыне знаходзілася музычная школа, створаная Тызенгаўзам для папаўнення опернай і балетнай труп і аркестра гродзенскага тэатра.Асноўны склад вучняў – дзеці прыгонных і мяшчан. Школа мела тры класы, рыхтавала танцоўшчыкаў, вакалістаў і музыкантаў. Хлопчыкаў і дзяўчынак вучылі граць на скрыпцы, віяланчэлі, кантрабасе, флейце, фагоце, габоі, валторне, трубе і клавікордах. У праграме былі таксама танец, спевы, нотная грамата, тэорыя музыкі, кампазіцыя. Выкладаліся пісьмо, арыфметыка, маляванне, французская і італьянская мовы. Кіраўніком школы быў капельмайстар і скрыпач Лявон Сітанскі. Сярод выкладчыкаў-харэографаў былі французскі балетмайстар Ф.Г. Леду, прыгонны танцоўшчык А. Рымінскі.
У 1780 годзе школа была пераведзена ў Паставы. Пасля ад’езду трупы ў Варшаву ў будынку пасяліліся музыканты капэлы, частка з якіх жыла ў ім па меншай меры да 1795 года.
Афіцына стала домам
У “Рэестры па каралеўскіх валоданнях у Гродне”, складзеным у 1795 годзе пасля абдыкацыі Станіслава Аўгуста Панятоўскага, будынак праходзіў пад назвай “афіцына крывая каменная”. Тут былі размешчаны службы губернатарскага палаца. На плане 1811-га будынак пазначаны як “официна в три этажа”.Вядома, што ў 1815 годзе чатыры пакоі былі заняты пад казармы, каравульню, кузню і сталярню гарнізоннага батальёна. А ў 1822-м у некаторых пакоях утрымліваліся арыштанты.
Паміж 1837 і 1848 гадамі будынак быў выкуплены купцом Булькаўштэйнам з мэтай перабудаваць яго і здаваць у арэнду пад “казённыя патрэбы” (для кантрольнай палаты). Менавіта перабудова Булькаўштэйнам у цэлым і надала афіцыне сучасны выгляд. Пазней дом быў прададзены купцом графу Друцкаму-Любецкаму, а затым яго набылі Давід і Марыя Хлюдневічы. Крывая афіцына выкарыстоўвалася як даходны дом, гэта значыць, была прыстасавана пад жылыя памяшканні.
У 1924 годзе новы ўладальнік Юзаф Леон Стралец пачаў рамонт будынка, які завяршыўся праз чатыры гады. Вынікам рамонту стала з’яўленне люкарны і некаторых іншых дэталей дэкора.
Сёння крывая афіцына больш падобная на жылы дом: пад’езды, кватэры. Аднак размешчаны ў іх офісы. Творчая гісторыя працягваецца зусім побач – у суседнім будынку размясцілася дзіцячая школа мастацтваў імя Антонія Тызенгаўза.
Оперативные и актуальные новости Гродно и области в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!
