За плённую працу – аўто ад Прэзідэнта. Механізатар СВК імя Дзеншчыкова Мікалай Прыгодзіч успамінае пра самыя яркія падзеі ў працоўным жыцці
За гады працы ў сельскай гаспадарцы Мікалай Іванавіч часта адзначаўся граматамі і падзякамі.

Гродзеншчына прыняла гасцінна
Мікалай Іванавіч нарадзіўся ў Пінскім раёне Брэсцкай вобласці ў сям’і аграрыяў. Бацькі ўсё жыццё прапрацавалі ў калгасе, там жа, будучы школьнікам, падчас летніх канікул працаваў і сам Мікалай. Акрамя яго, у сям’і было яшчэ пяцёра дзяцей.Пасля школы Мікалай Іванавіч некаторы час працаваў у гаспадарцы на малой радзіме, а потым адправіўся служыць у армію. Вярнуўшыся дадому, вырашыў працаваць у аграрнай сферы, але ўжо ў іншай гаспадарцы.
Пра СВК імя Дзеншчыкова Мікалай Прыгодзіч даведаўся праз СМІ. Чытаючы навіны, ён наткнуўся на артыкул аб паспяховай гаспадарцы ў Гродзенскім раёне. Пісалі, што сельгаспрадпрыемства актыўна развіваецца, ствараюцца камфортныя ўмовы для працы, а работнікам добра плацяць. Тады Мікалай вырашыў паспрабаваць шчасце і адправіцца ў Гродзенскую вобласць. Добра, што там жыла цётка, якая на першы час прытуліла маладога аграрыя.
У гаспадарцы Мікалаю былі рады. Прынялі на работу, далі трактар МТЗ-82, і ўжо на наступны дзень ён прыступіў да працы. Прафесійны старт на гродзенскай зямлі Мікалай памятае дагэтуль. Прызнаецца: першы час было цяжка.
– Мне было 20 гадоў. Я толькі вярнуўся з арміі, з’ехаў з бацькоўскай хаты і пачынаў будаваць сваё жыццё. Было страшна, перажываў, ці атрымаецца ў мяне тут асвоіцца, – распавядае Мікалай Прыгодзіч. – Але час ішоў, да працы прывык, пазнаёміўся з людзьмі. А потым сустрэў будучую жонку – Ларысу.
Праз некаторы час пасля вяселля маладой ся’мі ад работы выдзелілі кватэру ў Луцкаўлянах, якую пазней яны прыватызавалі. Неўзабаве на свет з’явіўся сын, пасля – дачка.
Жонка Мікалая ў свой час працавала паштальёнам, потым прадаўцом у мясцовай краме, а 8 гадоў таму ўладкавалася ў гэтую ж гаспадарку, бліжэй да мужа. Дарэчы, прыкладна праз паўтара года пасля таго як Мікалай пачаў працаваць у гаспадарцы, сюды ж прыехаў яго старэйшы брат і працуе тут дагэтуль.
Ад збожжавых да збожжавых
Цікавы факт: калі намеснік старшыні СВК імя Дзеншчыкова знаёміў мяне з Мікалаем Іванавічам, то прадставіў яго як аднаго з лепшых механізатараў прадпрыемства. Ацэнка высокая і, як аказалася, цалкам заслужаная. Мікалай Іванавіч працуе сумленна. За 25 гадоў ён змяніў не адзін трактар і камбайн, адпрацаваў на кожнай уборачнай і пасяўной кампаніях. Сёння механізатар працуе на новай, сучаснай тэхніцы. Да працы заўсёды ставіцца адказна і з разуменнем: калі трэба – значыць трэба.– Ведаеце, раней здавалася, што з гадамі праца можа надакучыць, але ўсё аказалася зусім не так. На працягу года мы выконваем розныя задачы. Вось, напрыклад, толькі завяршылі ўборку збожжавых. Зараз стартаваў сезон уборкі цукровых буракоў. Потым будзе невялікі адпачынак і можна пераходзіць да працы на ферме. А там не за гарамі вясна. Пакуль тэхніку адрамантуеш, ужо трэба выязджаць на пасяўную. Потым угнаенне і ўборка. І так па крузе. Часам не заўважаю, як пралятае цэлы год, – дзеліцца Мікалай Іванавіч.
Дарэчы, дзень нараджэння ў нашага героя 20 ліпеня – гэта пік уборачнай кампаніі. Таму кожны год Мікалай Іванавіч сваё свята праводзіць за рулём камбайна. Позна ўвечары вяртаецца дадому, дзе яго чакаюць накрыты стол і блізкія людзі.
Дзякуй прэсе!
За гады працы ў сельскай гаспадарцы Мікалай Іванавіч часта адзначаўся граматамі і падзякамі. Усе атрыманыя ўзнагароды ён беражліва захоўвае дома ў спецыяльна адведзеным месцы. Мужчына прызнаецца: іншы раз прыемна зірнуць на гэтую паліцу, якая адлюстроўвае ўвесь яго доўгі і крапатлівы працоўны шлях.Але ёсць у прафесійным жыцці нашага героя такая падзея, якую ён вылучае як самую запамінальную. У 2001 годзе па ўказе Прэзідэнта Мікалаю Прыгодзічу ўручылі ключы ад новенькага аўтамабіля "Жыгулі". Для Мікалая Іванавіча гэта быў першы ў яго жыцці аўтамабіль, таму такому падарунку ён быў вельмі рады.
– Я тады выбіўся ў лідары, працуючы на даволі ўзроставым камбайне, – з усмешкай успамінае суразмоўца. – Вельмі ганарыўся сабой, калі атрымаў такі падарунак ад Прэзідэнта. У тыя гады гэта быў круты аўтамабіль, і гэты ўспамін – адзін з самых яскравых у маім жыцці.
Вось так 25 гадоў таму, выра-шыўшы з’ехаць з бацькоўскага дома, наш герой нават не думаў, што назаўжды застанецца на гродзенскай зямлі. Сустрэне тут сваё каханне, выхавае дзяцей і два з паловай дзясяткі гадоў прысвеціць працы ў адной гаспадарцы. Але ўсяго гэтага магло і не быць, калі б не своечасова напісаны газетны артыкул…
Оперативные и актуальные новости Гродно и области в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!