“Мы не проста гаспадарка, мы – адна сям'я”. Інтэрв'ю з кіраўніком фермерскай гаспадаркі “Верас” на Зэльвеншчыне Міхаілам Макеем:

“Мы не проста гаспадарка,  мы – адна сям'я”. Інтэрв'ю з кіраўніком фермерскай гаспадаркі “Верас” на Зэльвеншчыне Міхаілам Макеем:

Міхаіл Францавіч Макей – чалавек мясцовы. На гэтай зямлі вырошчвалі хлеб яго дзед і бацька

Міхаіл Францавіч Макей – чалавек мясцовы. На гэтай зямлі вырошчвалі хлеб яго дзед і бацька. У свой час ён закончыў Навагрудскі сельскагаспадарчы тэхнікум. Атрымаў дыплом агранома. Потым быў зоаінжынерны факультэт Гродзенскага сельскагаспадарчага інстытута. Працаваў у Слонімскім раёне, у сваім калгасе “Рассвет” (цяпер СВК “Сынкавічы”) загадваў участкам, быў аграномам. Апошні год – старшынёй прафкама. А калі з'явіліся першыя парасткі так званага фермерства, вырашыў паспрабаваць свае сілы. Аб тым, што з гэтага атрымалася, у нашым з ім інтэрв'ю.

НА БАЦЬКОЎСКАЙ ЗЯМЛІ
– Міхаіл Францавіч, пачатак дзевяностых гадоў мінулага стагоддзя быў не самы спрыяльны ў эканамічным плане. Што з’явілася штуршком у новай для вас справе?
– Ніхто тады не ведаў, што з гэтага фермерства атрымаецца. Сёй-той нават смяяўся, маўляў, “пабалуецца” і вернецца назад у калгас. Але мы былі маладыя, энергічныя, хацелася свабоды (у тым плане, каб папрацаваць на сябе, мець сваю справу). Вось і рызыкнуў…

Да таго ж аб працы на зямлі ведаў не па чутках. У нашай сям’і было шасцёра дзяцей, з малых гадоў нас прывучалі бацькі гаспадарыць. Маці працавала на ферме даяркай, бацька – трактарыстам.

– Ведаю, што ваш бацька Франц Іосіфавіч быў адным з лепшых механізатараў Зэльвенскага раёна…
– Ён меў ордэн Працоўнай Славы III ступені, медалі, граматы. Апантаны тэхнікай чалавек…Калі ж выйшаў на пенсію, то дапамагаў мне працаваць на зямлі. Ён і араў, і сеяў, і збажыну ўбіраў…

– Зямлі многа выдзелілі напачатку?
– 50 гектараў. Вядома ж, не самай лепшай, лепшая была ў калгасе. А тут бал ворнай зямлі – 25. Першай уласнай тэхнікай стаў новы трактар, які набылі разам з суседам, таксама фермерам. Убралі першы ўраджай – бульба, збожжа, цукровыя буракі – атрымалася вельмі някепска і ўжо восенню разлічыліся абсалютна з усімі крэдытамі. Купілі яшчэ адзін трактар, грузавы аўтамабіль. Потым набылі камбайн. Гады праз два дзяржбюджэт дапамог з дарогай, бо на гэтай пустэчы дарог наогул не было аніякіх.

– Адчувалі праблемы са збытам прадукцыі?
– Асаблівых праблем не было. Агародніну прадавалі ў асноўным на кірмашах, многія кліенты прыязджалі атаварвацца самі.

Галоўная праблема была ў набыцці зямлі. Каб пашыраць гаспадарку, яе проста не хапала.

– Колькі гектараў зямлі мае сёння ваша фермерская гаспадарка?
– Нямнога. Усяго 100 гектараў, хоць у цяперашні час можна браць нашмат больш, толькі апрацоўвай, не ляніся. Але профіль нашай гаспадаркі ўжо вызначыўся. Вось каб раней…

– Чым займаецеся сёння на зямлі?
– Вырошчваем зерневыя, агародніну, бульбу. Усе работы механізаваны, бо чалавечая праца на сённяшні дзень вельмі дарагая, ды і людзей не хапае.

Маем сад, які вырас на плошчы паўтара гектара – 800 дрэўцаў яблынь і груш. Расце чарнаплодная рабіна, маліна, парэчкі. Хапае і на продаж, і ў кафэ, якое працуе ў нас.

– Міхаіл Францавіч, дзе чэрпаеце веды для працы на зямлі?
– Ездзіў за граніцу на семінары, вучобу, напрыклад, у Германію, Швецыю, Польшчу, каб набрацца вопыту, параўнаць, зрабіць нейкія высновы, якія б пайшлі на карысць. Не дзеля пахвальбы – наша фермерская гаспадарка неаднаразова прызнавалася лепшай сярод фермерскіх гаспадарак як вобласці, так і рэспублікі. На нашай базе праводзіліся шматлікія вучэбна- практычныя семінары.

– За больш чым два дзесяцігоддзі вам даводзілася быць і аграномам, і бухгалтарам, і інжынерам, і трактарыстам, адным словам, старшынёй міні-калгаса. А сёння пайшлі б старшынёй СВК?
– Не. І справа не толькі ва ўласнасці – дзяржаўнай, кааператыўнай ці асабістай. Тут я сам сабе гаспадар, свабодны і мысліць, і працаваць. Хаця адказнасці не менш, а можа, нават і больш. Лічу, што не толькі фермерскія, але і калектыўныя гаспадаркі таксама патрэбны. І першыя, і другія павінны прыносіць карысць чалавеку, дзяржаве.

– А калі б пачаць справу зноўку?
– Усё рабілі б так, як і раней. Толькі сад бліжэй да…Мінска перанеслі б, бо ўсё мае сваю цану. Пагадзіцеся, што ў чыстым полі ды ў лесе, а што каля вялікага горада…

І ХЛЕБ, І ДА ХЛЕБА
– Міхаіл Францавіч, як вы сказалі, профіль вашай фермерскай гаспадаркі ўжо вызначыўся. Чым яшчэ займаецеся, ці шмат людзей працуе ў вас?
– Усяго ў нас 100 чалавек, улічваючы фермерскую гаспадарку, кафэ “Леснічоўка”, магазін спажывецкіх тавараў “Тапалёк”, які працуе непадалёку ў вёсцы Казловічы, аграпрамсэрвіс…

Дылерскі цэнтр “Гомсельмаша” (асобная фірма) працуе на Зэльвенскі і Ваўкавыскі раёны, займаецца гарантыйным і паслягарантыйным сэрвісным абслугоўваннем.
На працягу многіх гадоў мы таксама паспяхова ажыццяўляем рамонт зернесушыльнага і зернеачышчальнага абсталявання, абсталявання жывёлагадоўчых ферм у сельскагаспадарчых арганізацыях нашай рэспублікі.

Да гэтай справы прыцягнута шмат людзей. Створаны выяздныя брыгады, ёсць неабходная тэхніка і механізмы. Мы самі шукаем сабе работу, арганізоўваем рэкламу і г.д.

– Але, каб быць надзейнымі партнёрамі ў гаспадарках, трэба высока трымаць сваю марку…
– Трэба. Цяжка, але трэба. У нас ужо склаўся свой касцяк кадраў – з дзясятак адказных, талковых інжынераў, брыгадзіраў, якія працуюць па 5–10 гадоў. Калі не хапае рабочых якіх-небудзь спецыяльнасцей, набіраем на сезон.

– У вашай гаспадарцы шмат родзічаў працуе?
– Працуюць. І сёстры, і браты – мае і Ірыны Янаўны. Толькі да сваіх патрабаванні яшчэ большыя. Але сёння ўжо не зразумець, хто родзіч, а хто не. Калі чалавек з намі ўжо 20 гадоў, дык ён нам як родны. Вось Мікалай Цімафеевіч Міхальчук у нашай фермерскай гаспадарцы 21 год! Ён можа сесці за руль любога аўтамабіля, яму можна даручыць любую справу.

Або каваль Андрэй Куранаў. Фантазіі гэтага чалавека можна толькі па-добраму пазайздросціць. Ён выштукае любую рэч. Як вы заўважылі, на нашай сядзібе і на тэрыторыі кафэ “Леснічоўка” шмат што зроблена яго ўмелымі рукамі і радуе вока.

Многія працуюць з намі ўжо па 10–15 гадоў. І вялікі дзякуй ім за гэта, што яны з намі. Бо мы не нейкае прадпрыемства, куды чалавек прыйшоў і пайшоў. Мы як адна сям’я. Калі ў нас добра, то і ў іх добра. І наадварот.

І яшчэ. У нас трэба рабіць. Калі трэба – і лапату ў рукі ўзяць, і граблі. Вузкай спецыялізацыі няма.

– Міхаіл Францавіч, за 22 гады свайго фермерства вы часта рызыкавалі?
– Кожны дзень. Бо ты адказваеш за людзей, ты павінен ім забяспечыць дастойны ўзровень жыцця. Нарэшце, трэба так працаваць, каб і з крэдытамі разлічыцца.

– На развіццё фермерскай гаспадаркі часта бралі крэдыты? Ці разлічвалі на свае сілы?
– Каб развівацца, без крэдытаў у нашай справе не абысціся. Немагчыма жыць толькі на свае грошы. Дзякуючы дзяржаўнай падтрымцы набываем новую тэхніку па лізінгу. Два разы бралі крэдыты на арганізацыю новых рабочых месцаў. Вось толькі апошнія два гады абышліся без пазыкі.

– Міхаіл Францавіч, вы наведалі шмат якія краіны…
– Так, у мінулым годзе на сваім самаходзе разам з жонкай Ірынай Янаўнай даехалі да…Венецыі. Пабачылі Германію, Аўстрыю, Швейцарыю, Італію…Але…там зямлі для нас мала. А калі сур'ёзна, то шмат што можна пераняць у плане навядзення высокай культуры і парадку на зямлі. Пераняць, але працаваць і жыць на сваёй зямлі.

– У адным з залаў прыдарожнага кафэ “Леснічоўка” пабачыла цікава аформлены вугалок, прысвечаны радаводу Чапскіх. Адкуль такая дасведчанасць і што вы мелі на мэце, ствараючы такі арыгінальны куточак?
– Чалавек павінен жыць не толькі хлебам адзіным. Нашы шматлікія наведвальнікі, у тым ліку і турысты, і падарожнікі, якія едуць па ажыўленай трасе Мінск–Гродна ў накірунку да граніцы, павінны ведаць, што гэта за арыгінальны будынак, у якім размешчана кафэ, які след у гісторыі пакінулі яго былыя ўладальнікі і г.д.

А тым, хто сёння жыве і працуе на гэтай зямлі, таксама не пашкодзяць звесткі пра яе колішніх гаспадароў. Бо гэта наша гісторыя, нашы карані…

А пачалося з таго, што на семінары “Беларуска-польская супольнасць” у Польшчы Ірына Янаўна выйграла грант. Грошы зусім невялікія, але сам факт прыемны. Яна адшукала звесткі пра людзей, якія ў канцы XVIII–пачатку XIX стагоддзя жылі ў гэтых мясцінах, напісала пра гэта. Так і з'явіўся куточак Чапскіх – уладальнікаў мясцовага маёнтка, прадстаўнікоў адной з ліній іх старажытнага роду. Там і герб іх, і цікавыя матэрыялы пра Эмерыка Чапскага, яго бацьку Карла, які быў мэрам Мінска, дзеда, таксама Эмерыка, – вядомага нумізмата. З родам Чапскіх пераплятаецца род Пуслоўскіх – уладальнікаў маёнтка ў Альбярціне. Тут і звесткі пра Гадлеўскіх, якія гаспадарылі ў гэтых мясцінах. Дарэчы, у мяне ёсць цікавая кніга Іосіфа Гадлеўскага “На переломе эпох”. Ён купіў гаспадарку ў сваёй цешчы Чапскай і шмат што зрабіў для яе росквіту. А была яна недалёка ад нашай сядзібы, у Сынкавічах.

Цяперашні будынак “Леснічоўкі” – гэта толькі частка комплекса маёнтка Чапскіх, галоўны будынак знаходзіўся сярод лесу, ад яго застаўся толькі фундамент. А вось флігель для прыслугі захаваўся… З трасы туды вядзе вузкая лясная дарога, раней яна была брукаванай, але з гадамі ўвайшла ў зямлю…
Аформлены вугалок – гэта толькі пачатак, будзем адшукваць новыя звесткі пра тых, хто жыў і працаваў на нашай зямлі.

“РАЗУМЕЮ ЦЯПЕР, ЧАМУ З ВЫРАЮ ЖУРАЎЛІ ДА МАКЕЯ ЛЯЦЯЦЬ…”
– Я наведвала вашу сядзібу вясной 2001 года. Але што пабачыла сёння – гэта проста непараўнальна і невыказальна! Гэта вугалок Еўропы з рознымі экзотамі, кветкамі, якія цвітуць з ранняй вясны да снегу, з ідэальна дагледжанымі газонамі, арыгінальнымі фантанамі, са шматлікімі вырабамі беларускай народнай творчасці, вузкімі і шырокімі пешаходнымі дарожкамі з рознакаляровай пліткай…
– І гэты рукатворны цуд стварыла Ірына Янаўна. Бо раней на месце нашай сядзібы было поле з рэдкім кустоўем-лазняком ды зарослае азярцо. А цяпер, як вы пабачылі, – сапраўдны міні-батанічны сад, у якім звыш 250 відаў толькі шматгадовых раслін, не кажучы ўжо пра аднагадовыя.

Ірына Янаўна раней загадвала магазінам. Але перамагло прыроднае чуццё кветкавода, дызайнера, мастака. Таму маем, што маем, і сёння яна не перастае ўдасканальваць нашу зялёную тэрыторыю. Кожны дзень завіхаецца, каб прыродная прыгажосць радавала людзей, якія наведваюць сядзібу.

– Галоўнае, – уступае ў размову Ірына Янаўна, – бачыць карціну, якую ты хочаш. Бо ўсё расце, і праз пяць гадоў гэта карціна будзе ўжо іншай. Калі мы прывозілі ў гэтую пустэчу, дзе нават не было вады, розныя экзоты, мы не думалі, калі яны вырастуць. Мы проста працавалі, стваралі прыродны мікраклімат. Бо кожнай раслінцы патрэбны і свой цянёчак, і покрыў. А колькі ў нас птушак цяпер, устанеш ранкам – ну проста нейкі птушыны рай. Нават грыбы растуць на тэрыторыі сядзібы, якіх раней тут у вочы ніхто не бачыў. Я вось што хачу зазначыць: сядзібу, дом свой, мікраклімат у ім трэба будаваць, ствараць самому, як і свой лёс…

– Міхаіл Францавіч, яшчэ адзін накірунак вашай дзейнасці – агратурызм.
– Яго ініцыятарам і галоўным арганізатарам таксама стала Ірына Янаўна. Шмат чытала, шмат пабачыла ў суседзяў – ва Украіне, Польшчы. Але стварала сваё, з нацыянальным каларытам, нацыянальнай кухняй і г.д.

– Колькі можаце прыняць гасцей адначасова?
– Гледзячы на тое, каго што цікавіць. Калі з начлегам, – не больш дваццаці, калі без яго, – больш. У нас створаны ўсе бытавыя ўмовы для гэтага.

Ёсць свой камфартабельны аўтобус, калі госці, напрыклад, пажадаюць наведаць Жыровічы, Косава ці нават Мірскі замак. Побач знаходзіцца вядомая Сынкавіцкая царква – помнік архітэктуры.

Можна наладзіць паляванне, зімой пакатацца на санях, летам – на брычцы.

На сядзібе ёсць прыгожа аформленая паляўнічая зала, дзе можна адзначыць не толькі нейкую сямейную ўрачыстасць, але правесці канферэнцыю і г.д.

У кафэ “Леснічоўка” – сучаснай карчме, аформленай у нацыянальным стылі, наведвальнікам прыгатуюць арыгінальныя фірменныя стравы. Кафэ мае дзве залы – на 30 і 100 месцаў, у якіх можна правесці любое ўрачыстае ці дзелавое мерапрыемства. Дарэчы, на тэрыторыі “Леснічоўкі” ўжо два гады запар сумесна з аддзелам культуры Зэльвенскага райвыканкама мы арганізоўвалі фестываль народнай творчасці.

– За добрасумленную, творчую дзейнасць у вас шмат узнагарод. Якая найдаражэйшая?
– Падзяка людзей. Калі да нас яны едуць, значыць мы запатрабаваныя. У нас пабывалі госці і турысты з Мінска, Масквы, Санкт- Пецярбурга, Ізраіля, Германіі, Італіі, Іспаніі і шмат якіх іншых куточкаў свету. Падабаюцца і наша кухня, і створаныя ўмовы.

Вось ужо другі агульны сшытак з водгукамі маем.

– Два з іх хочацца прывесці: “Аказваецца, і на зямлі ёсць рай!” і “Разумею цяпер, чаму з выраю жураўлі да Макея ляцяць…”
– А нядаўна Алёна Ланская напісала проста на белай сцяне: “Огромное спасибо за тепло и уют…”

– За зробленае ўласнымі рукамі вам ёсць усе падставы ганарыцца?
– Зроблена, канечне, нямала. Але галоўнае – гэта сям'я, гэта дзеці і ўнукі, наша будучыня. Дзеля іх і працуем.

Зараз сын і дачка ў Мінску, маюць свае сем’і, у якіх падрастаюць нашы ўнукі – Міхаіл, Аляксандр і Ян. Дзеці не толькі госці на сядзібе, яны разам з намі працуюць, дапамагаюць. Сын Франц вучыўся ў Празе, магістратуру закончыў у адным з мінскіх вну. Эканаміст. Дачка Вольга закончыла Акадэмію кіравання.

– Міхаіл Францавіч, а што ж наперадзе, якія планы ў працалюбівай сям’і Макеяў?
– Жыццё на месцы не стаіць. Таму наперад, наперад і наперад. Напрацоўкі ёсць, будзем далей развівацца і ўдасканальваць іх. Вось прыедзеце да нас гадоў праз дзесяць…









Редакция газеты «Гродненская правда»