Мясцовы краязнаўца распавядае аб загадках мінулага Вялікай Бераставіцы

Мясцовы краязнаўца распавядае аб загадках мінулага  Вялікай Бераставіцы

Закончыўшы вучылішча мастацтваў і мастацка-графічны факультэт універсітэта ў Віцебску, адпрацаваўшы 4 гады ў Верхнядзвінску, Андрэй Втарушын па волі лёсу апынуўся на невядомай яму дагэтуль Бераставіччыне...

Загадкі мінулага Вялікай Бераставіцы... Аб іх распавядае мясцовы краязнаўца Андрэй Втарушын.

Закончыўшы вучылішча мастацтваў і мастацка-графічны факультэт універсітэта ў Віцебску, адпрацаваўшы чатыры гады ў Верхнядзвінску, Андрэй Втарушын па волі лёсу апынуўся на невядомай яму дагэтуль Бераставіччыне. Ужо пяць гадоў ён – выкладчык мастацкіх дысцыплін Бераставіцкай дзіцячай школы мастацтваў. У 2011 годзе адбыўся першы выпуск яго выхаванцаў. Але не толькі школай мастацтваў жыве гэты дапытлівы і творчы чалавек.

– Андрэй Францавіч, што натхніла на даследчыя пошукі гістарычнага мінулага Бераставіцы?
– Перш за ўсё мяне зацікавіў герб «Вавёрка» – незвычайны для Бераставіцы. А потым – людзі, якія трымалі гэтае мястэчка, – Хадкевічы, Мнішкі, Патоцкія, Касакоўскія…

– А што стала падмуркам для падрыхтоўкі гістарычных нарысаў, выдадзеных асобнымі брашурамі і кнігай?
– Архіўныя дакументы і польская літаратура, звесткі старэйшых жыхароў Бераставіцы.

Першая брашура «Пад зоркай Святога Станіслава» да 215-годдзя Станіслава Шчэнснага Касакоўскага – уладальніка Вялікай Бераставіцы пабачыла свет у 2010 годзе. Граф Касакоўскі, польскі дыпламат на расійскай службе, сенатар, літаратар, калекцыянер, мастак-аматар, атрымаў ордэн Святога Станіслава (1838) і вельмі ганарыўся, што мае аднолькавае з ім імя, бо сам Святы Станіслаў стаў яго анёлам-ахоўнікам. Ёсць цікавая інфармацыя, што ўладальнік Бераставіцы Станіслаў Касакоўскі сустракаўся з Аляксандрам Пушкіным у Пецярбургу. Адбіткам гэтай сустрэчы стаў аўтапартрэт (1829), які нагадвае партрэт вялікага рускага паэта пэндзля В. Трапініна. Дарэчы, Аляксандр Сяргеевіч нават паспрыяў Касакоўскаму ў выбары жонкі Аляксандры дэ Лаваль у 1828 годзе.

– Першае выданне натхніла на новыя творчыя даследаванні?
– У мінулым годзе да 100-годдзя асвячэння касцёла Пераўтварэння Божага ў Вялікай Бераставіцы выйшаў гістарычны нарыс «Запаветнае палатно са «Святой Ганнай», які прысвечаны адной карціне. Справа ў тым, што С.Ш. Касакоўскі ў 1850-х гадах стварыў рэлігійную карціну, вядомую пад назвай «Святая Ганна вучыць чытаць Найсвяцейшую Панну Марыю» для касцёла Святой Ганны ў Дукштах павета Новааляксандраўскага (цяпер Ігналінскі раён Літвы). Пазней Касакоўскі зрабіў паўтор сваёй карціны спецыяльна для парафіяльнага касцёла Звеставання ў Бераставіцы. Лёс абедзвюх карцін склаўся шчасліва: арыгінал захоўваецца ў Дукштах, аўтарскае паўтарэнне – у Вялікай Бераставіцы ў новым касцёле Пераўтварэння Божага.

Да 90-годдзя з часу другога адраджэння касцёла Найсвяцейшай Панны Марыі ў В.Бераставіцы (1921–2011) выйшла кніга «Пераўтварэнне Святога Яна ў Бераставіцы». У ёй дзве самастойныя часткі, аб’яднаныя адным героем – Святым Янам Божым, драўлянай статуяй XVIII стагоддзя. Гэты выдатны помнік беларускага барока з’явіўся ў мястэчку ў першай палове XX стагоддзя спачатку ў касцёле кармелітаў, а з другой паловы XX стагоддзя перайшоў на могільнікавую капліцу.

У савецкі атэістычны час статуя атрымала новае імя «Св.Фелікс». Але жыццёвы подзвіг і знешнія рысы Св.Фелікса ніяк не дапасуюцца да статуі маладога манаха з Бераставіцы. Дык хто ж ён: Святы Фелікс з Канталічэ ці Святы Ян Божы? Спрэчка наспявала, пакуль не прыйшла ісціна з ордэна баніфратраў з Катавіцы (Польшча).

Сёння Святы Ян Божы, патрон шпіталёў, заступнік хворых і ўбогіх, займае пачэснае месца ў гісторыі В.Бераставіцы. Перамясціўшыся ў 1952 годзе з вялікага касцёла ў маленькую капліцу, а з 1973 года ў фонды Нацыянальнага мастацкага музея РБ у Мінску, статуя Святога Яна Божага і зараз прыцягвае ўвагу даследчыкаў. Менавіта таму, што яна з’яўляецца рэдкім помнікам у еўрапейскім мастацтве і беларускай культуры XVIII стагоддзя, прысвечаным гэтаму святому.

Андрэй Францавіч, у вашай творчай скарбонцы ўжо шэсць выданняў. Якая праца найдаражэйшая?
– «Сем пёраў страуса для Бераставіцы». Гэтая кніга выдадзена да 350-годдзя з часу валодання мястэчкам Вялікая Бераставіца магнацкім родам Мнішкаў (1661–2011). Асноўная мэта – даць першыя зразумелыя звесткі аб Мнішках, іх папярэдніках Хадкевічах, якія больш ці менш паўплывалі на развіццё мястэчка і яго дабрабыт. Род Мнішкаў да мяне зусім не вывучаўся, менавіта гэты род зрабіў Бераставіцу Вялікай.

– Чаму ж такая незвычайная назва?
– Яна мае на ўвазе ўласны герб Мнішкаў – Сяміпер’е. Кожнаму бераставіцкаму ўладальніку гэтага рода адпавядае страусавае пяро. Вось першае пяро належыць Ежы Яну Вандаліну, які атрымаў Бераставіцу ў сваю спадчыну і перадаў сваім нашчадкам. Другое дасталося мястэчку ад Юзафа Вандаліна, які аднавіў у мурах касцёл Прасвятой Дзевы Марыі – выдатны помнік архітэктуры позняга барока. Яшчэ тры падараваў Бераставіцы Ежы Аўгуст Вандалін. Гэта задума надаць Прывілей на самакіраванне, будаўніцтва ратушы і гандлёвых радоў, і, нарэшце, стварэнне месніцкага герба «Вавёрка» – вобраз дачкі Юзэфіны. Шостае пяро ад самой Юзэфіны Амеліі Мнішак, графіні Патоцкай, якая ахвяравала грошы на будаўніцтва пры касцёле парафіяльнай школы і прытулка для хворых і ўбогіх. Сёмае пяро ад маці – гэта прыгажуня Людвіка Патоцкая, якая ўзяла шлюб з Ю.Д. Касакоўскім і перадала яму ў пасаг Вялікую Бераставіцу. Вось так, менавіта пры Мнішках Бераставіца стала Вялікай.

– Андрэй Францавіч, зразумела, што архітэктурная спадчына, магнацкія роды, мастацкія помнікі і нават адшуканая вамі бераставіцкая мануфактура накшталт слуцкай – гэта ўжо вялікая творчая праца. А што наперадзе?
– Хацелася б вярнуць страчаную спадчыну Вялікай Бераставіцы ў выглядзе музея, які ствараецца сёлета ў мястэчку.

– Дзе ж бярэце час і сродкі на такую вялікую даследчую працу?
– Школьныя канікулы вялікія…А на выданне ідзе прыкладна 60 працэнтаў асабістых сродкаў, ды і мецэнаты не перавяліся. Гэта праца больш для душы. Мне падабаецца займацца краязнаўствам, вывучаць архівы. А потым як мастаку адлюстроўваць нешта ў сваіх нарысах. Да таго ж у мяне былі добрыя памочнікі – Наталля Багдановіч, Святлана Ганчарова, Юрый Хмуровіч. У апошні час вельмі плённа дапамагае загадчык аддзела абслугоўвання і інфармацыі раённай цэнтральнай бібліятэкі Валянціна Чыкун.
Редакция газеты «Гродненская правда»