Прайшла прэзентацыя паэтычнага зборніка Валянціна Семянякі «Зорка залатая»

Вершы і песні гучалі ў рэдакцыі «Гродзенскай праўды». Тут прайшла прэзентацыя паэтычнага зборніка Валянціна Семянякі «Зорка залатая».

Валянціна Семяняку добра ведаюць зэльвенцы як настаўніка, дырэктара школы, цяпер – намесніка старшыні райвыканкама. А вось родным і сябрам ён даўно вядомы яшчэ і як паэт, найперш па прысвячэннях з нагоды юбілеяў, знамянальных падзей. Час ад часу аўтар выступаў на старонках мясцовай газеты, «Літаратуры і мастацтва», часопіса «Полымя». Але сапраўднага зборніка, калі не лічыць укладзеных мясцовымі бібліятэкарамі, не было.

І вось у выдавецкім доме «Звязда» пры падтрымцы абласнога і раённага выканаўчых камітэтаў пабачыў свет першы паэтычны зборнік Валянціна Міхайлавіча. З дэбютам віншавалі яго сябры, калегі па творчаму цэху на чале са старшынёй Гродзенскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Людмілай Кебіч і нават крытыкі – у асобе дацэнта кафедры беларускай літаратуры ГрДУ імя Янкі Купалы Аліны Сабуць.

– Гэта першая прэзентацыя кнігі ў сценах нашай рэдакцыі, – зазначыў галоўны рэдактар «Гродзенскай праўды» Павел Сухарукаў. – І нам вельмі прыемна, што адбываецца яна менавіта тут.

На імпрэзе Валянцін Семяняка не хаваў хвалявання і шчыра прызнаваўся, што некаторыя вершы могуць быць недасканалымі. Паэзія Валянціна Семянякі, фізіка па адукацыі і лірыка па прызванні, вельмі шчырая, напоўненая душэўнай цеплынёй. Гэта зазначыў у свой час і вядомы беларускі паэт, зямляк аўтара Уладзімір Мазго. Дарэчы, ён таксама спрычыніўся да выдання, дапамог з напісанага ў розны час выбраць самае вартае. У зборніку шмат вершаў, прысвечаных жанчынам, маці (дарэчы, зборнік аўтар якраз і прысвячае сваёй матулі), настаўнікам. На прэзентацыі вершы гучалі ў выкананнні самога аўтара і яго сяброў.

Аліна Сабуць звярнула ўвагу прысутных на лірызм і мілагучнасць паэзіі Семянякі. Музыку на вершы пішуць землякі аўтара. Яны ж і выконваюць песні. А адна нават стала гімнам Князеўскай гімназіі, дзе ў свой час працаваў Валянцін Міхайлавіч.

Сёння Валянцін Семяняка па-ранейшаму піша шмат вершаў, прысвечаных жанчынам, – яго зоркам. А са з’яўленнем унукаў спрабуе сябе і ў якасці дзіцячага пісьменніка.

ЗОРКА ЗАЛАТАЯ
Калi зiмовы сумны дзень
За сіні лес закоцiць сонца,
І ўзыдзе месяц-чарадзей
Над безданню нямой,
бясконцай,
І перастане падаць снег,
І вецер злы ўжо не лятае,
На неба, як у дзiўным сне,
Узыдзе зорка залатая.
Яна асветлiць Млечны Шлях
І дрэвы змрочныя на ўзлеску,
Нiбыта сонейка працяг
Заззяе сцiплаю ўсмешкай.
І стане трошачкi цяплей
На велiчнай планеце гэтай.
Як быццам не было завей,
І раптам наступiла лета.
А потым прыйдзе ноч iзноў,
Халодная i нават злая.
Ды будзе сэрца грэць i кроў
На небе зорка залатая.
...Калi зiмовы сумны дзень
Заканчвае жьщцё зямное,
Мая душа к тваёй iдзе
У промнях зоркi залатое.

УДЗЯЧНАСЦЬ
За ўсё, што маю i люблю,
Шlто ў роспачы не кiну,
За ўсе гpaxi, што адмалю,
Удзячны я Жанчыне.

За першы крык i першы крок,
За стол у роднай хаце,
За ўсё, што зведаў i збярог,
Удзячны шчыра Мацi.

За звонкi смех i цiхi плач,
За шчырасць слоў дзiцячых,
За радасць будучых удач
Дачцэ сваёй удзячны.

За слодыч вуснаў i начэй,
За ўсё,
што здзейснiць здолеў,
Удзячны той, чыiх вачэй
Мне не забыць нiколi.

Пакуль я дыхаю, жыву, –
Цi плачу, цi спяваю, – 
Жанчыну цудам я заву
І галаву схiляю.

НАМ ТРЭБА НЕКАЛI ВЯРТАЦЦА...

Маім аднакласнiкам –
выпускнікам Цяглевiцкай
сярэдняй школы 1980 года


Нам трэба некалi вяртацца
Да першых сцежак i пачуццяў,
Да песень, што спявала мацi,
Да слоў,
што вечнымi завуцца.
Да гэтых нівaў i абшараў,
Якiя шлях у свет давалi,
Да мiлых сэрцаў,
родных твараў,
Якiя ў сцюжу сагравалi.
Нам трэба некалi вяртацца!
Няхай жыццё
 ў куток загнала,
Каб адпачыць i сiл набрацца
І на нагах стаяць трывала.
Каб у вiрлiвым зарападзе
Cвaix вытокаў не забыцца,
І ў тым смуглiвым
даляглядзе
Сябе не cтpaцiць,
не згубiцца.
Нам трэба некалi вяртацца!
Няхай складаны лёс
не песцiць,
Каб з большым горам
не спазнацца,
Якое зноў чакае дзесьцi.
Хто знае,
як яшчэ там будзе?
Якi аракул тое скажа?
І толькi
самым блiзкiм людзям
Патрэбны смех
i слёзы нашы.
Нам трэба некалi вяртацца!
Бо ўсё ў мiнулым застаецца.
Удача, грошы, нават шчасце,
Калiсьцi ўсё-такi мiнецца.
І ты захочаш усмiхнуцца
Сябрам, матулi, роднай хаце.
Дык калi ёсць куды вярнуцца
Усё ж трэба
некалi вяртацца!

Редакция газеты «Гродненская правда»