"Ад Свіслачы да Белавежскай пушчы". Прэзентацыя кнігі Уладзіміра Ліхадзедава адбылася ў Свіслачы
На ўрачыстым мерапрыемстве прысутнічаў старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Віктар Лісковіч. Менавіта ён, як не раз было падкрэслена сёння падчас прэзентацыі, з’яўляецца адным з ініцыятараў праекта "У пошуках страчанага" і менавіта дзякуючы яго падтрымцы была выдадзена серыя кніг аб розных кутках Гродзенскай вобласці. На прэзентацыі прысутнічаў таксама старшыня райвыканкама Аляксандр Вярсоцкі, супрацоўнікі бібліятэк, музея, людзі, якія сапраўды цікавяцца гісторыяй свайго края, шчыра улюбёныя ў сваю малую Радзіму.
Як падкрэсліў Віктар Лісковіч, у Беларусі шмат месцаў, якія заслугоўваюць быць у серыіі кніг Уладзіміра Ліхадзедава. Па словах сенатара, сапраўдныя кнігі павінны быць такімі, каб іх не хацелася адкласці ўбок, а наадварот: каб было жаданне захапляцца імі зноў і зноў. А кнігі праекта "У пошуках страчанага" менавіта такія – цікавыя, захапляльныя і ўнікальныя.
Ён таксама адзначыў, што светлае будучае немагчыма без павагі да гісторыі сваёй сям’і, горада, вёскі і ўвогуле краіны. І асабліва важна гэтую гісторыю ведаць і памятаць трэба сучаснай моладзі дзеля таго, каб пасля перадаць яе сваім дзецям і ўнукам.
Кніга "Ад Свіслачы да Белавежскай пушчы" ілюструе найпрыгажэйшыя, выдатныя, цікавыя краязнаўчыя мясціны Свіслаччыны. У кнізе 5 раздзелаў. У кожным з іх прадстаўлены старыя фотаздымкі вуліц, ваколіц, архітэктурных аб’ектаў і храмаў, былых жыхароў Свіслаччыны, памятных мясцін. Асобны раздзел прысвеччаны Белавежскай пушчы.
Кніга дае мажлівасць дакрануцца да гісторыі края і нават больш – дазваляе пад новым ракурсам раскрыць яго гісторыю, паказвае тагачаснае жыццё вачыма продкаў. Гэта сапраўды арыгінальны культурна-гістарычны зрэз развіцця рэгіёна.
Уладзімір Ліхадзедаў – калекцыянер, гісторык, лаўрэат прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь "За духоўнае адраджэнне", лаўрэат прэміі Саюза журналістаў Беларусі "Залатое пяро", выдатнік друку Беларусі, які дапамог атрымаць яшчэ адну крыніцу гістарычных звестак пра Свіслач і яе ваколіцы.
Афіцыйную частку прэзентацыі змяніў жывы дыялог пісьменніка і гасцей мерапрыемства з прысутнымі ў зале. Свіслаччане адрасавалі Уладзіміру Ліхадзедаву нямала пытанняў. Так, напрыклад, цікавіліся тым, як адбываецца збор інфармацыі для кнігі, які ў яе тыраж і з чаго ў творцы ўвогуле пачалося захапленне сваёй справай. У канцы мерапрыемства кожны змог атрымаць аўтограф аўтара, а таксама зрабіць на памяць фотаздымак.
Оперативные и актуальные новости Гродно и области в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!
