Чаму Іўю наканавана стаць сталіцай беларускіх мусульман?

Чаму Іўю наканавана стаць сталіцай беларускіх мусульман?

Беларусь – краіна шматканфесійная. Тут у міры, узаемапавазе і згодзе пражываюць праваслаўныя і католікі, пратэстанты, іудзеі і мусульмане. У лютым бягучага года ў Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі адбылася вялікая і шчырая гутарка з кіраўнікамі традыцыйных канфесій. 

З мэтай захавання існуючага рэлігіёзнага балансу ён прапанаваў у бліжэйшыя пяць гадоў пабудаваць духоўныя цэнтры. Гэтую ідэю святары падхапілі. І, зыходзячы з гісторыі, было прынята рашэнне, што два такія цэнтры будуць размешчаны на Гродзеншчыне. У якасці праваслаўнага духоўнага цэнтра вызначаны Свята-Успенскі Жыровіцкі мітрапаліцкі манастыр. Мусульманскае рэлігійнае аб’яднанне прапанавала ў якасці духоўнага цэнтра іслама Іўеўскую мячэць. Чаму менавіта Іўе стане беларускай сталіцай іслама, разбіралася карэспандэнт “ГП”.

Адкуль татары ў Беларусі

Першыя татары на нашай тэрыторыі з’явіліся больш за 600 гадоў таму.

Як распавяла Алёна Віктарава, дырэктар Іўеўскага музея нацыянальных культур, было некалькі гістарычных этапаў, падчас якіх татары аселі на беларускіх землях.

Вызначыць, калі апынуліся продкі сучасных татар менавіта на тэрыторыі Іўя, дакладна вельмі цяжка. Мяркуюць, што ў Вялікім княстве Літоўскім першыя паселішчы татар з’явіліся пры вялікім князе Гедыміне, які запрасіў татарскіх воінаў ахоўваць мяжу ВКЛ. Аднак найбольшая колькасць татар была пераселена на землі сучаснай Беларусі пры вялікім князе Вітаўце. Датай пасялення татар у ВКЛ прынята лічыць 1397 год.

Як адбывалася асіміляцыя

Верагодна таму, што колькасць першых пасяленцаў татар была невялікая, даволі хутка адбылася іх асіміляцыя, перайманне звычаяў і традыцый мясцовых людзей. Нават нацыянальнага касцюма іўеўскія татары не мелі. На старых фотаздымках у большасці сваёй мы бачым касцюмы беларускага строя, вышыўка часцей сустракаецца расліннага арнаменту: буйныя каляровыя кветкі i шмат зеляніны.

З цягам часу вусная мова таксама была страчана, але засталася пісьменнасць. Пра гэта сведчаць захаваныя хамаілы – рукапісныя малітвасловы (таксама там маглі быць апісаныя некаторыя святы). Некалькі хамаілаў, датаваных 1929 г., захоўваюцца ў фондах музея. Іх унікальнасць заключаецца ў тым, што арабскай вяззю і па тым жа правілам (ад апошняй старонкі і справа налева) напісана транслітэрацыя польскіх слоў.

5235676910807879253.jpg
Хамаілы – рукапісныя малітвасловы

Цікава, што 28 літар, якія ёсць у арабскім алфавіце, недаставала, каб перадаць некаторыя гукі. І людзі, якія запісвалі тэкст, самі прыдумвалі адпаведныя літаразлучэнні. Такім чынам, сапраўдным носьбітам іх роднай мовы многія словы станавіліся незразумелымі.

Татары-мусульмане Іўя ўжо больш за 150 гадоў захоўваюць цікавы звычай:раніцай у пятніцу перад каталіцкім Вялікаднём яны фарбуюць яйкі і частуюць імі дзяцей. Гэта не рэлігійнае свята, проста для дзяцей увялі такі звычай. З самай раніцы дзеці бегаюць па хатах і збіраюць пафарбаваныя яйкі, цукеркі. 

Дарэчы, такое “растварэнне” татар у нашай культуры сведчыць аб лаяльных паводзінах у дачыненні карэннага народа. За гэта яны заслужылі ад мясцовых жыхароў прыязныя адносіны да сябе. 

Талакой, кагалам, разам…

Вельмі яскравым пацвярджэннем гэтаму стала гісторыя будоўлі іўеўскай мячэці.

Будаваць яе сабраліся толькі напачатку 1880 гадоў. Адметна, што грошы на закупку лесу дала апошняя ўладальніца тых зямель, шчырая каталічка графіня Эльфрыда Замойская. 
Сваю лепту ў будоўлю ўнеслі і яўрэі, вядомыя сваімі рамеснымі здольнасцямі і магчымасцямі “даставаць” патрэбныя рэчы.

Такім чынам, непасрэдна на будоўлі працавалі разам і татары, і беларусы, і палякі, і яўрэі.

Па розным дадзеным, работы былі завершаны ў 1882 або ў 1884 годзе.

Чым жывуць іўеўскія татары сёння

Згодна апошняму перапісу насельніцтва, зараз у Іўі пражывае амаль 500 татар. Але іх мусульманская абшчына з’яўляецца самай буйнай у Беларусі.

Хутчэй за ўсё прычынай таму стала тое, што іўеўская мячэць так і працуе з моманту яе пабудовы. Яна не зачынялася нават у мінулым стагоддзі, калі многія храмы былі зачыненыя.
Такім чынам, веруючыя мусульмане стараліся жыць бліжэй да сваёй святыні.

Што тычыцца паўсядзённага жыцця, сёння яны паспяхова працуюць на розных пасадах ва ўсіх установах, уключаючы дзяржаўныя, якія дзейнічаюць у дадзеным рэгіёне. І, канешне, не забываюць пра земляробства – амаль у кожнага ў агародзе стаіць цяплічка.

Добрыя сяброўскія і паважлівыя адносіны паміж прадстаўнікамі ўсіх канфесій і нацыянальнасцей захаваны не толькі на ўзроўні менталітэту, але нават у камені. У 2012 г. адкрыты памятны знак “У гонар сяброўства і згоды канфесій Іўеўшчыны” – гэта чатыры стэлы, прысвечаныя праваслаўю, каталіцызму, мусульманству і іудзейству.

Адметна, што на рэлігійныя святы святары заходзяць у храмы “суседняй” канфесіі, каб павіншаваць адзін аднаго і прыход, пажадаць усім Божай дапамогі.

А на дзяржаўныя святы прыходзяць разам, каб далучыцца да ўсіх жыхароў Беларусі, сумесна правесці гэты дзень у святочным настроі.

Цесныя стасункі прадстаўнікоў розных канфесій, бывае, прыводзяць і да змешаных шлюбаў. Канешне, у ідэале лепш, калі ўся сям’я – аднаверцы. Але жыццё ўносіць свае папраўкі.

Гэтую сітуацыю патлумачыў імам абшчыны Адам Радзецкі (дарэчы, ён працуе настаўнікам беларускай мовы і літаратуры). Аказваецца, святым пісаннем мусульманскім мужчынам дазволена браць у жонкі хрысціянак і іудзеек – лічыцца, што Бог адзіны. Але катэгарычна забараняюцца шлюбы з атэісткамі і ідалапаклонніцамі.

Канешне, здараецца, што і жанчыны-мусульманкі знаходзяць сабе пару не з аднаверцаў. Аднак ніхто іх не няволіць – выходзяць за таго, за каго сэрца паклікала.

“О, Гасподзь, блаславі гэты дом!”

Пастановай Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь №188 ад 27 снежня 2024 г. нематэрыяльнай праяве творчасці чалавека элементу “Выраб мугіроў” у Іўеўскім раёне Гродзенскай вобласці нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці.

Носьбітам гэтага элемента з’яўляецца мясцовая жыхарка Эмілія Шабановіч, якая распавяла пра тое, што такое мугіры, і як яна пачала займацца іх вырабам.

5233675881249705443.jpg
Эмілія Шабановіч

Мугір – гэта мастацка-графічны твор, звязаны з духоўнай культурай мусульман, у якім звычайна даецца выказванне (сура), або частка (аят) з Карана. У перакладзе з арабскага мугір азначае “ваўняная тканіна”. 

Яны могуць быць вышытыя, намаляваныя на паперы, тканіне, шкле, зробленыя з мазаікі…

Імі ўпрыгожвалі мячэці, хатні інтэр’ер. Яшчэ ў XIX стагоддзі мугіры ў Іўе прывозілі татары-гандляры з далёкага замежжа. Як правіла, гэта былі вырабы прамысловай вытворчасці.

Традыцыя пісьма і малявання мугіроў на Іўеўшчыне пачынаецца з пачатку ХХ стагоддзя, калі для ўпрыгожвання мячэці мясцовы жыхар Сулейман Ях’евіч Рафаловіч (1909-2001 гг.) стварыў мугір з выявай Вялікай мячэці Айя-Сафія ў Канстанцінопалі. Малюнак быў выкананы алоўкам і акварэльнымі фарбамі. У творах майстра адчувалася асаблівая манера малявання, што рабіла пазнавальнай руку майстра. Пасля сябе пераймальнікаў мастак, на жаль, не пакінуў…

Эмілія Халільеўна ў свой час перанесла сур’ёзную аперацыю, пасля якой фізічна працаваць нельга. Каб не сядзець склаўшы рукі, яна задумалася, чым цікавым і карысным заняцца. Зразумела, што прыйшоў час, каб спраўдзілася даўняя задумка – заняцца рукадзеллем. Так у 2012 г. дзякуючы яе таленавітым рукам нарадзіўся сюжэт ісламскай тэматыкі, які яна вышыла з пайетак. Пазней вышыла некалькі нацюрмортаў з кветкамі, але душа імкнулася вярнуцца да першапачатковай тэматыкі. Такім чынам з’явіліся першыя мугіры: вышытыя, намаляваныя на шкле, з алмазнай мазаікі. 

Работы майстрыхі сталі папулярнымі сярод сваякоў і знаёмых – яны хутка перакачавалі на сцены іх хат і кватэр. Самымі папулярнымі сталі тыя, дзе напісана: “О, Гасподзь, блаславі гэты дом!”. Было арганізавана некалькі выстаў яе работ.

5235676910807879246.jpg
“О, Гасподзь, блаславі гэты дом!”

З цягам часу сталі прыязджаць за імі і людзі, якія даведаліся пра рукадзельніцу праз сарафаннае радыё. Яе работы раз’ехаліся па многіх краінах: у Расію, Польшчу, ЗША, Узбекістан, Турцыю, Літву, Ізраіль…

Гэтыя творы зацікавілі і маладога мастака з Іўя Селіма Семяновіча. Свой першы мугір ён намаляваў у 13 гадоў. Пасля заканчэння Гродзенскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў адрэстаўраваў некалькі старадаўніх мугіроў. Зараз ён не толькі сам стварае новыя, але і вучыць гэтаму мастацтву дзяцей у Іўеўскай дзіцячай школе мастацтваў – старадаўняе рамяство мае сваіх паслядоўнікаў.

Рашэнне відавочнае

Такім чынам, становіцца зразумелым, чаму менавіта Іўе стане духоўным цэнтрам іслама ў Беларусі. Зараз вывучаецца вопыт падобных цэнтраў, ідзе распрацоўка канцэпцыі, шукаюцца крыніцы фінансавання.

Сваімі думкамі на гэтую тэму падзяліўся імам Адам Радзецкі:

– Мы хочам расказаць усім, што такое мірны іслам. Таму хочацца, каб да нас прыязджала шмат людзей розных нацыянальнасцей і веравызнанняў. Яны змогуць не толькі паслухаць нашы расповеды, даведацца пра нашу культуру і традыцыі, але і пабываць у мячэці. Канешне, пры ўмове выканання некаторых патрабаванняў у вопратцы і яшчэ некаторых асаблівасцях, пра якія мы гатовы расказаць нашым гасцям.Таксама такія экскурсіі будуць спрыяць павелічэнню турыстычнага патэнцыялу нашага краю.

Оперативные и актуальные новости Гродно и области в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!
Редакция газеты «Гродненская правда»