Іўеўшчына сустрэла XXXII навукова-асветніцкую экспедыцыю “Дарога да святыняў”
Іўяўчане сустракалі членаў экспедыцыі з хлебам-соллю яшчэ пры ўездзе ў г. Іўе.
Традыцыйна пачалася яна ў Свята-Духавым кафедральным саборы 3 верасня. Пасля ўдзельнікі адправіліся на Святое Поле каля вёскі Загор’е Баранавіцкага раёна – на месца з’яўлення Загор’е-Сталавіцкай іконы Божай Маці. Па Гродзенскай вобласці экспедыцыя прайшла праз Зэльвенскі і Дзятлаўскі раёны. Пасля Іўеўскага экспедыцыю чакаюць на Ашмяншчыне, і затым яна прыбудзе ў Ліду, дзе праходзіць свята беларускага пісьменства і друку. Увогуле ўвесь маршрут зойме 777 кіламетраў.
Іўяўчане сустракалі членаў экспедыцыі з хлебам-соллю яшчэ пры ўездзе ў г. Іўе. Старшыня Іўеўскага райвыканкама Ігар Генец шчыра вітаў навукоўцаў, святароў, паэтаў і музыкантаў – людзей, якія нясуць у сабе святло асветы, веры і духоўнасці, тых важкіх складаючых, без якіх немагчыма ўявіць чалавечае жыццё. Кіраўнік раёна адзначыў, што на іўеўскай зямлі ў міры і згодзе на працягу больш за 6 стагоддзяў пражываюць прадстаўнікі чатырох канфесій – мусульмане, праваслаўныя, католікі, да Вялікай Айчыннай вайны іўдзеі складалі 63 % мясцовага насельніцтва. Іўяўчане ведаюць, якое значэнне мае вера для кожнага чалавека.

– Ваш унёсак у развіццё духоўнасці вельмі значны, – сказаў кіраўнік раёна. – За гэтыя некалькі дзён вы звязалі нябачнымі ніцямі паміж сабой раёны. Вельмі сімвалічна, што маршрут экспедыцыі завяршыцца на Лідчыне, дзе будзе праходзіць Дзень беларускага пісьменства і друку.
– Спадзяёмся, што Благаславенне ад нашых святынь – іконы Божай Маці і Благадатнага агню ад Гроба Гасподняга – дасць больш энергіі на працу на карысць нашай агульнай краіны, – сказаў протаіерэй Аляксандр Пачопка.




Затым у цэнтры горада прайшоў урачысты мітынг. Вітала яго ўдзельнікаў старшыня Іўеўскага раённага Савета дэпутатаў Валянціна Філон.
– Мы знаходзімся напярэдадні свята беларускага пісьменства і друку. Гэта свята хвалюючае, узнёслае, таму што гэта свята роднай мовы, асветы і духоўнасці, без чаго немагчыма ўявіць жыццё чалавека. У гэты дзень мы аддаём даніну павагі нашым продкам, якія стварылі фундамент беларускай пісьменнасці і адукацыі. Сутнасць міжнароднай экспедыцыі “Дарога да святыняў” застаецца нязменнай – гэта дарыць людзям Благадатны агонь надзеі, святло асветы, любві і веры. Іўеўшчыне пашчасціла – мы ўжо другі год прымаем такую экспедыцыю (прым. рэдакцыі – першы раз у 2002 годзе).

Валянціна Філон выказала ўпэўненасць, што свет духоўнасці, які заўсёды з намі, будзе доўга гарэць у сэрцы кожнага чалавека, які меў магчымасць дакрануцца да яго святыні.
Старшыня раённага Савета дэпутатаў перадала часцінку іўеўскай зямлі галоўнаму захавальніку цудатворнай Загор’е-Сталавіцкай іконы Пакрова Святой Багародзіцы на маршруце, кіраўніку экспедыцыі, супрацоўніку Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Аляксандру Лапата-Загорскаму.

– Тое, што мы прыехалі і дождж закончыўся, я і не сумняваўся, бо мы пад аховай тых святыняў, якія мы з сабой нясём. Гэта Загор’е-Сталавіцкая ікона Пакрова Святой Багародзіцы і Благадатны агонь, – сказаў кіраўнік экспедыцыі і запрасіў святароў благаславіць прысутных святынямі.
Затым Аляксандр Лапата-Загорскі перадаў для раённай бібліятэкі некалькі кніг з аўтографамі аўтараў. Аднак члены экспедыцыі прывезлі не толькі матэрыяльны дар, але і свае веды, эмоцыі і адчуванні.
– І зараз я ўсцешаны тым, што ў нас будзе ажно восем сустрэч. Мы разляцімся іскрынкамі па ўсім раёне і паспрабуем пераканаць вас ў тым, што прыехалі недарэмна, – завяршыў выступленне навуковец.

Благачынны цэркваў Іўеўскай акругі протаіерэй Вячаслаў Пашкевіч запрасіў прысутных далучыцца да Хрэснага Хода, які рушыў да царквы святога мучаніка дзіцяткі Гаўрыіла Беластоцкага. Тут адбыўся святочны малебен і пасадка Сада Малітвы на прыхрамавай тэрыторыі і ўсталяванне адпаведнай шыльды.







Оперативные и актуальные новости Гродно и области в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!