У Крэўскім замку знойдзены фрэскі з выявай чалавечай далоні і адбіткі пальцаў
Знойдзены новыя фрэскі
У 2026 г. аднавіліся даследаванні галоўнай вежы-данжона – Княскай вежы. Археолагі прыступілі да раскопак унутранай прасторы вежы, дзе завал у цокальным ярусе ўтварыўся яшчэ з часоў штурму замка войскамі князя Свідрыгайлы ў 1433 г.
Крэўскія фрэскі пераважна маюць каларыстыку, якую называюць “колерамі зямлі” – гэта пігменты, якія можна здабыць у нас: чырвоная вохра, белы і чорны колеры. Звычайна, фрагменты маюць геаметрычную арнаментацыю, у тым ліку меандр, які прыйшоў да нас праз Візантыю са старажытнай Грэцыі.
Толькі што быў выяўлены фрагмент крэўскага роспісу, які мае антрапаморфны характар – выяву часткі цела чалавека. Гэта рука чалавека, дакладней, яго далонь. Падобная знаходка – першая за час даследаванняў Крэўскага замка. Параметры выявы дазваляюць аднавіць памеры чалавечай фігуры, якая была выяўлена на фрэсцы.
Апроч таго, на фрагменце маюцца сляды зялёнага пігмента, рэдкага для роспісаў Крэўскага замка.
Цікавая знаходка
Археалагічная экспедыцыя Інстытута гісторыі НАН Беларусі на чале вядучым навуковым супрацоўнікам Алегам Дзярновічам разам з спецыялістамі “Белрэстаўрацыі” праводзяць разборку завалу цокальнага яруса вежы.
Пад час расчысткі ніжніх ярусаў аблямоўкі ўнутранай прасторы вежы даследчыкі выявілі цагліны, на якіх захаваліся адбіткі пальцаў майстроў-цагельнікаў, будаўнікоў Княскай вежы ў першай палове XIV ст.
Калі старажытныя майстры фармавалі партыі цэглы, яны перад абпалам вымалі цагліны з драўляных формаў. Гліна была яшчэ пластычнай і на ёй заставаліся адбіткі пальцаў майстроў.
Археолагі плануюць зняць копіі з гэтых адбіткаў і, па магчымасці, атрымаць пэўную дэрматагліфічную інфармацыю пра ўзрост майстроў на момант будаўніцтва.
Але найважнейшая задача – разам з рэстаўратарамі захаваць гэтыя адбіткі і ў перспектыве экспанаваць іх у інтэр’еры адноўленай Княскай вежы Крэўскага замка.
Чытайце таксама:
Оперативные и актуальные новости Гродно и области в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!
