“На Каляды” запрашаюць мастакі Гродна. Выстава з зімовым настроем адкрылася ў выставачнай зале
Аўтары, прыкладна, дваццаць мастакоў Гродна: Вікторыя Ільіна, Аляксандр Сільвановіч, Уладзімір Панцялееў, Юрый Якавенка, Ягор Шакаладаў, Алена Кузняцова, Аляксандр Балдакоў, Валянціна Шоба, Сяргей Грыневіч ды многія іншыя. У большасці яны прадставілі свае новыя працы, аднак ёсць карціны, што былі напісаны дзесяцігоддзі таму. Аб’ядноўвае іх тэма зімы, Каляд і казкі.




На заснежаную вуліцу, залітую мяккім светам ліхтароў, пераносіць гледача карціна Вікторыі Ільіной. Зімовыя халодныя адценні красак мякка перамешваюцца з сонечнымі фарбамі ў Алены Кузняцовай. Павел Урублеўскі на сваім дыптыху “Апостал Пётр” нагадаў пра біблейскі сюжэт і словы Іісуса Пятру: “Яшчэ не прапяе певень, як ты (Пётр) тройчы адрачэшся ад мяне”.

– Асаблівай сімволікай вылучаецца скульптура Уладзіміра Панцялеева – вобраз быка, які адначасова з'яўляецца сімвалам зямлі ды жыцця. А дзякуючы дэталям мы асацыіруем яго з зорным небам, домам, цяплом і калядным вечарам. Так у адной працы аб’ядналіся нябеснае і зямное, – распавядае пра асобныя працы, што можна пабачыць на выставе, мастацтвазнаўца Марына Загідуліна. – Работы Аляксандра Сільвановіча таксама, з аднаго блоку, перадаюць канкрэтны вобраз, а з другога – вельмі ўмоўныя: зямля і неба. На паверхні зямлі мы бачым моманты жыцця чалавека, якія ўвасоблены ў сімвалах і знаках піктаграмы. Цікавы арт-аб’ект стварыў малады мастак Аляксандр Балдакоў. Ён увасобіў такую рэдкую з’яву, як парад планет.



Працы Яўгенія Адзіночанкі, як заўсёды, вельмі пяшчотныя, ажурныя – яны парцаляныя і выкананы ў адмысловай кропельнай тэхніцы. У змешанай тэхніцы працуе маладая мастачка, якая толькі нядаўна ўступіла ў Саюз мастакоў Беларусі Таццяна Сакалоўская. Таццяна – галоўны мастак абласнога драматычнага тэатра. У новым кірунку праявіла сябе керамістка Ірына Радкевіч і прадставіла на выставе жывапіс – мясцовы цёплы пейзаж.





Цікава паглядзець на карціны, напісаныя дзесяцігоддзі таму. Да прыкладу, працы Уладзіміра Казакова. На іх – від на Каложу з боку Старога замку. І вельмі добра бачна арка, якую, мабыць, сёння мала хто памятае. Ды і Каложа ўжо іншая, –змянілася яе акружэнне.
“На Каляды” – гэта ўжо традыцыйны падарунак мастакоў Гродна наведвальнікам галерэі на вуліцы Ажэшкі. Выстава з зімовым настроем будзе працаваць да канца года.
