Лідская студыя «Дама сэрца» адраджае гісторыю Сярэднявечча праз жаночыя вобразы

5276088017577774832.jpg

Народная студыя гісторыі і мастацтва эпох Сярэднявечча і ранняга Рэнесансу “Дама сэрца (Domina Cordis)”, якая працуе пры дзяржаўнай установе “Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці”, добра вядома беларускім аматарам даўніны. Пра гэты адметны калектыў распавяла для чытачоў “ГП” Ірына Вашкевіч, кіраўнік студыі.


Назва калектыву абрана таму, што ў студыі працуюць толькі жанчыны. І яна добра ўплятаецца ў канцэпцыю сярэднявечча: у кожнага рыцара была свая Дама сэрца, якой ён прысвячаў свае подзвігі і дасягненні.

Студыя мае свой герб, які неад’емна суправаджае кожны яе выхад ў свет. У ім  Леў адпавядае яго выяве на гербе Ліды і сімвалізуе сілу і ўладу; жаночая рука, трымаючая сэрца (сэрца свайго рыцара) і ружа, – сімвал прыгажосці і пяшчоты. 

Вялікае кола інтарэсаў

Для натхнення ўдзельніцы студыі ўзялі даволі шырокі перыяд часу, культуру якога сталі адлюстроўваць ў сваёй дзейнасці.

Вось асноўныя накірункі іх інтарэсаў: вывучэнне гісторыі касцюма, галаўных убораў, музыкі, танцаў, мастацтва і архітэктуры, якія склаліся з XIII па XVII стагоддзе на тэрыторыі сучаснай Беларусі, у тым ліку пад уплывам еўрапейскіх павеваў.

Цікава, што да нашых часоў захаваліся прыклады ўнікальных зборнікаў сярэднявечнай музыкі тагачасных аўтараў. Адзін з іх – “Полацкі сшытак”.  Гэта рукапісны помнік культуры XVII стагоддзя, з’яўляецца свайго рода хрэстаматыяй і налічвае шмат разнастайных кампазіцый, па якому можна вывучаць мелодыі старажытных часоў, бытаваўшых на нашых землях.

Што датычыцца танцаў, то іх асвойваюць па вопыту іншых аматараў і прафесіяналаў. Тут можна сказаць, што так яны пераймаліся і раней, і ў наш час. Таксама існуюць апісанні і малюнкі танцавальных кампазіцый і рухаў.

Такім чынам і захоўваюцца элементы культурнай спадчыны нашых продкаў.

Адчуць сябе сапраўднай дамай

Самая вялікая, цікавая і працаёмкая тэма, якой прысвячаюць свой час Дамы сэрца – гэта касцюмы.

5276088017577774829.jpg

Як расказваюць жанчыны, як толькі на­дзяваеш на сябе сярэднявечны строй, адразу мяняецца ўнутранае светаўспрыманне. Распрамляюцца плечы, постаць робіцца высакароднай, адыходзяць на другі план бытавыя праблемы і думкі пра надзённае, рухі запавольваюцца – адчуваеш сябе сапраўднай дамай.

Дарэчы, кожная ўдзельніца студыі мае свае перавагі па касцюму таго ці іншага перыяду абранага гістарычнага часу, а некаторыя нават і некалькі. У кожную гістарычную эпоху былі свае асаблівасці ў колеры, крою, фактуры тканіны. І паказаць гэтыя характэрныя рысы вельмі цікава. 
Напрыклад, у эпоху готыкі галаўныя ўборы маглі быць высокія, востраканечныя. Як, напрыклад, атур, або эннен.

У эпоху Адражджэння сукенкі сталі шыць з адразным ліфам і пышнымі спадніцамі. Выкарыстоўваліся аксаміт­ныя і шаўковыя тканіны, упрыгожаныя разнастайнымі камянямі і вышыўкай зала­тымі і срэбнымі ніцямі.

5298626025963515240.jpg

Аксаміт паходзіць ад грэчаскага εξα – шэсць і μιτος – ніць (гэта застарэлая назва шчыльнай варсістай, часта ўзорыстай тканкі з шоўка і залатой і срэбнай ніцей). Каб вытрымаць вес металічных ніцей, тканку фармавалі з шасці ніцей – дзвюх асноўных і чатырох уточных, адсюль і грэчаская назва. Узор рабілі з дапамогай кручанай залатой або срэбнай ніці. 

У шырокім сэнсе слова аксаміт – гэта любая каштоўная тканіна.

Што тычыцца непасрэдна вырабу гэтых строяў, то працэс яго ідзе ў цеснай сплаўцы ведаў, майстэрства, творчасці і фантазіі. Перад тым, як прыступіць да стварэння касцюма, даводзіцца знайсці і вывучыць шмат інфармацыйнага матэрыялу, што займае вельмі шмат часу. Для дапамогі ў гэтым складаным працэсе ёсць разнастайная літаратура (напрыклад, манументальная праца – кніга В. Бялявінай і Л. Ракавай “Беларускі касцюм”) і, канешне, старажытныя ілюстрацыі і жывапіс. 

Для некаторых касцюмаў нават існуюць апісанні і схемы крою, аднак іх падчас бывае недастаткова. Таму прыходзіцца самім дадумваць, спрабаваць, максімальна праяўляць творчы талент.

Дарэчы, пра матэрыялы, з якіх вырабляюцца строі. Як патлумачыла Ірына Іванаўна, паколькі няма імкнення да дасканалай рэканструкцыі, яны ствараюць вобразы, максімальна прыбліжананыя да XIII – XVII стагоддзяў. Таму ў ход ідуць як захаваўшыяся тканіны савецкага перыяду, так і сучасныя – усё, што можа наглядна адпавядаць патрэбнаму часу.

Сваёй цікавай і складанай працай удзельніцы студыі з задавальненнем дзеляцца з гледачамі. Праводзяць дэманстрацыі-дэфіле ў гістарычных касцюмах, экскурсы ў нюансы моды розных часоў.

Найбольш поўна раскрываецца прыгажосць і асаблівасці касцюмаў падчас руху. Таму жанчыны вельмі часта праводзяць майстар-класы па гістарычных танцах.

Кожная сустрэча з цудоўнымі Дамамі сэрца – сапраўды прыкметная, прыгожая, натхняючая з’ява.

Вашкевич.jpg

5298626025963515225.jpg

Ад Рагнеды да Уршулі Радзівіл

Крапатлівая праца па стварэнню гістарычных вобразаў падштурхнула да новай задумкі. Так нарадзіўся праект “Славутыя жанчыны старажытнай Беларусі”. Кожная з удзельніц студыі выбрала сабе гістарычны персанаж, які яе больш зацікавіў па характару, здольнасцях, знешнасці і асабістаму ўкладу ў супольнасць.

Сярод абраных персон – Рагнеда, Анастасія Слуцкая, Бона Сфорца, Саламея Русецкая (жанчына-лекарка з Навагрудка), Уршуля Радзівіл (пісьменніца, драматург), Соф’я Гальшанская…

І зараз ідзе крапатлівая работа па пашыву касцюмаў, якія ім адпавядаюць. Праца над кожным доўжыцца па некалькі месяцаў.

Дарэчы, у хуткім часе чакае прэзентацыі вобраз Соф’і Гальшанскай.

Убачыць удзельніц студыі “Domina Cordis” у вобразах вядомых асоб старажытнай Беларусі можна на тэматычных мерапрыемствах, якія ў вялікай колькасці праходзяць ў Лідзе, а таксама на фестывалях і балях Гродзеншчыны і Беларусі ў цэлым.

5276362934139424217.jpg

Оперативные и актуальные новости Гродно и области в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!
Редакция газеты «Гродненская правда»