У Гудзевічах пачала працаваць летняя школа “Майстэрня падвойнага ткацтва”

У Гудзевічах пачала працаваць летняя школа “Майстэрня падвойнага ткацтва”

На тры дні  сюды  сабраліся тыя, хто нераўнадушны да самага прыгожага народнага рамясла.  У Гудзевічы  прыехалі  зацікаўленыя госці не толькі з Гродна, але і Брэсцкай вобласці, каб  засвоіць тэхніку падвойнага ткацтва, якое тут шырока практыкуецца і,  на шчасце, ёсць і сёння майстры, якія на практыцы гатовы вучыць  гэтаму рамяству жадаючых.


– 
Рада вітаць на гудзевіцкай зямлі тых, хто не толькі цікавіцца тэхнікай падвойнага ткацтва, але і жадае  навучыцца ткаць  прыгожыя рэчы. Спадзяюся, што ў нашых майстроў ёсць што пераняць, – адкрыла  летнюю  школу-майстэрню галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі  райвыканкама І.Я. Тумялевіч.

    Летняя школа – гэта месца  сустрэчы тых, хто  займаецца ткацтвам і цікавіцца  народнымі рамёствамі, імкнецца перадаць іх малодшаму пакаленню. На майстар-класах ёсць магчымасць убачыць  увесь працэс падвойнага ткацтва. Сёння ў  музеі сабраліся майстры Вера  Белакоз, Марына  Камінская, Алена Шунейка, Яўгенія  Станіна і аматары ткацтва, каб падзяліцца сваім вопытам, расказаць пра свае здабыткі і навучыць майстэрству жадаючых.

  – Радуе тое, што цікавасць да народных традыцый не знікае, а наадварот пашыраецца і развіваецца. На нашых занятках ўжо былі людзі розных узростаў і прафесій, а найболей - моладзі! – гасцінна запрасіла  ў  летнюю школу-майстрэню дырэктар музея Кацярына  Басінская.

  Дырэктар Мастоўскага музея “Лес і чалавек” Наталья  Пуцілоўская цікава расказала гасцям  аб гісторыка-культурных каштоўнасцях нашага раёна.

 – Вера Белакоз практычна з нуля некалі адраджала  тэхналогію падвойнага ткацтва і на практыцы даказала, што гэта патрэбна нашчадкам. Сёння   падвойныя дываны, сатканыя  выдатнай майстрыхай, праславілі гудзевіцкі край, – з гонарам паведаміла гасцям Наталля Анатольеўна.

   Ткацтвам у Гудзевічах  цікавяцца не толькі дарослыя, яго старанна  асвойваюць школьнікі. Ёсць надзея, што рамяство не знікне, бо ім цікавяцца не толькі гудзевіцкія школьнікі і не толькі дзяўчынкі.

  Мікіта Сліж, вучань пятага класа СШ №3 г. Масты,  у Гудзевічы  прыехаў упершыню. Уражанні ад летняй школы ў яго самыя лепшыя. Хлопчык  пільна назіраў за працай вопытных майстроў і з задавальненнем дэманстраваў закладкі для кніг, якія ён саткаў на маленькіх кроснах раней.

Сяргей  Макарэвіч з Ганцавіч прыязджае ў  Гудзевічы ўжо другі раз.

– Як цудоўна, што ў Гудзевічах  малыя і дарослыя праяўляюць цікавасць да ткацтва і вывучаюць  гэтае рамяство. Няхай майстроў становіцца больш, вузельчыкі на кроснах мацнеюць і не разрываюцца ніколі, а падвойныя дываны радуюць нас сваёй дасканаласцю і прыгажосцю, –  выказаў пажаданне  Сяргей  Віктаравіч.    



Фота аўтара

Редакция газеты «Гродненская правда»