Сэрца народа ў кніжных радках. Чаму беларуская класіка жыве і сёння
Крыху з гісторыі свята
Ідэя свята ўзнікла ў 1994 годзе пасля святкавання 500-годдзя з дня нараджэння Францыска Скарыны – беларускага асветніка і першадрукара. Першапачаткова дата была прымеркавана да дня выдання першай друкаванай беларускай кнігі – 6 жніўня 1517 года. З 1998 года, згодна з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26 сакавіка 1998 года №157 «Аб дзяржаўных святах, святочных днях і памятных датах у Рэспубліцы Беларусь», Дзень беларускага пісьменства сталі адзначаць у першую нядзелю верасня.

Геаграфія Дня беларускага пісьменства
Дзень беларускага пісьменства – гэта не проста дата ў календары, а вялікая імпрэза, якая павольна крочыць па гарадах і весях усёй Беларусі. Як правіла, “сталіцай” свята становяцца тыя населеныя пункты, якія з'яўляюцца гістарычнымі цэнтрамі культуры, навукі, літаратуры і кнігадрукавання.Менавіта таму ўпершыню свята прайшло ў Полацку – родным горадзе Францыска Скарыны. Дарэчы, гэты старажытны горад тройчы станавіўся сталіцай свята: яшчэ ў 2003, а потым – у 2017 годзе, калі адзначалася 500-годдзе беларускага кнігадрукавання.
Гродзеншчына прымала Дзень беларускага пісьменства шэсць разоў: у Навагрудку (1996 г.), Міры (2002 г.), Смаргоні (2009 г.), Шчучыне (2015 г.), Слоніме (2019 г.) і ў мінулым годзе – у Лідзе.
Сёлета ў бліжэйшыя выхадныя імпрэза развернецца на пляцоўках самага ўсходняга горада Беларусі – Касцюковічах, які па праву лічыцца літаратурнай сталіцай Магілёўскай вобласці. Тут нарадзіліся народны паэт Беларусі Аркадзь Куляшоў і народны пісьменнік Іван Чыгрынаў, беларускія паэты Алесь Пісьмянкоў і Аляксей Русецкі – усяго амаль тры дзясяткі літаратурных імёнаў.
Дарэчы, адной з самых цікавых і незвычайных пляцовак на сёлетнім свяце стане павільён рэдкай кнігі. Ён будзе знаходзіцца насупраць галоўнай сцэны ў цэнтры горада і прадставіць унікальныя факсімільныя выданні і арыгінальныя старадрукаваныя рарытэты, якія захоўваюцца толькі ў закрытых фондах. Іх збіралі вядучыя музеі і бібліятэкі па ўсёй краіне. Так што ў прамым сэнсе слова будзе магчымасць дакрануцца да гісторыі беларускага друку.

Ад мінулага да нашых дзён
Сапраўды, беларусам ёсць чым ганарыцца – наша пісьменнасць мае шматвяковыя традыцыі. Асветнікі беларускага народа – постаці еўрапейскага маштабу. Акрамя ўпамянутага Францыска Скарыны, святая Еўфрасіння Полацкая, Кірыла Тураўскі, Леў Сапега, Сымон Будны, Васіль Цяпінскі, Мікола Гусоўскі…Гэтыя асобы адыгралі важную ролю ў захаванні і развіцці беларускай культурнай і духоўнай традыцыі, а іх дзейнасць аказала ўплыў на многія сферы жыцця грамадства.
Адной з асноўных тэм сёлетняга свята стануць юбілеі класікаў беларускай літаратуры – Кандрата Крапівы (130 гадоў з дня нара-джэння), Івана Шамякіна (105 гадоў), Максіма Багдановіча (135 гадоў) і Івана Мележа (105 гадоў).
Перачытваючы іх творы, напісаныя ў мінулым стагоддзі, не перастаеш здзіўляцца, наколькі яны актуальныя і цікавыя да гэтага часу. Можа таму, што пісалі яны пра лепшыя чалавечыя якасці: прыстойнасць, шчырасць, сумленнасць, вернасць, а героі твораў умелі кахаць па-сапраўднаму і любіць сваю Беларусь усім сэрцам.
Менавіта гэта і ёсць галоўны сакрэт таго, чаму нават сёння іх творы перавыдаюцца вялікімі тыражамі і хутка знаходзяць свайго новага чытача. Дарэчы, не толькі ў Беларусі.
Набірае папулярнасць перакладная класічная беларуская літаратура ў Кітаі. За апошнія тры гады там выйшла каля дзясятка кніг нашых суайчыннікаў (Алеся Бадака, Андрэя Федарэнкі і іншых).
Трэба прызнаць, што сучасныя аўтары таксама маюць сваіх прыхільнікаў. Папулярнымі сёння з'яўляюцца кнігі Мікалая Чыргінца, Алесі Кузняцовай, Ганны Чыж-Літаш, Людмілы Рублеўскай і іншых.

Класіка і сучаснасць – поруч
“З глыбокай старажытнасці – спрадвеку, каб з плеч сагнутых скінуць гнёту груз. Каб мову мець, каб звацца Чалавекам, цягнуўся да асветы беларус”. Гэтыя словы Міколы Федзюковіча сталі сімвалам Дня беларускага пісьменства. І невыпадкова.Менавіта адукацыя, вывучэнне гісторыі сваёй краіны, яе самабытных традыцый робяць нас сапраўднымі патрыётамі. Бо ў кнігах, у словах паэтаў і мысляроў адлюстроўваюцца гісторыя народа, яго добрыя справы.
Дзень беларускага пісьменства – гэта свята, якое дэманструе непарушнае адзінства беларускага друкаванага слова з гісторыяй беларускага народа, яго цесную сувязь са славянскімі вытокамі. Матывуе на беражлівае захаванне і развіццё духоўнай спадчыны Беларусі. Гэта свята, дзе поруч з класікамі ідуць сучасныя аўтары. А ўсе разам нясуць любоў і павагу да роднага краю.

*Праект створаны за кошт сродкаў мэтавага збору на вытворчасць нацыянальнага кантэнту
Чытайце таксама:
