Побач павінны быць неабыякавыя людзі, а ў сэрцы – адчуванне, нібы ўсё ў жыцці магчыма, калі сапраўды гэтага захацець


Тэрыторыя ініцыятыўнай моладзі
Яшчэ ў школе Натан, скончыўшы адукацыйныя курсы, пачаў працаваць на дзіцячых фестывалях і пляцоўках. А потым марыў прымяніць атрыманы вопыт у дзяржаўнай адукацыйнай сістэме.
“Калі кудысьці і паеду, то толькі як госць”
Натан нарадзіўся ў Расіі. Першы раз у Беларусь прыехаў з бацькамі, калі яму было пяць гадоў. І ад’язджаў з Сінявокай з марай вярнуцца. У Беларусі жыла прабабуля хлопца. Лёс жанчыны ў гады Вялікай Айчыннай вайны быў вельмі цяжкім. Менавіта з яе расказаў Натан даведаўся: вайна – гэта страшная трагедыя для ўсяго чалавецтва. Колькі разоў жанчыне пагражалі смерцю толькі за тое, што яна была яўрэйкай. Яе білі, хацелі спаліць разам з жыхарамі цэлай вёскі. Аднойчы яна цудам выратавалася ад растрэлу. Гэтыя расказы назаўсёды адбіліся ў памяці юнака.

– Мы пераехалі з бацькамі спачатку ў Полацк, а потым у Гродна з Санкт-Пецярбурга. Тады некаторыя казалі нам: “Як так?!”. Але тыя, каму выпаў шанец хоць крыху пажыць у Беларусі, насамрэч захапляюцца нашай краінай. Бясплатныя медыцына і адукацыя, добрая ежа ў крамах, парадак на вуліцах, спакой, талерантнае і паважлівае стаўленне людзей адзін да аднаго… Камусьці гэта можа паказацца дробяззю. Тым часам пра існаванне многіх праблем, з якімі прыходзіцца сутыкацца людзям у іншых краінах, тут, на шчасце, нават не здагадваюцца. У Беларусі робіцца шмат менавіта для простых людзей. Мне прапаноўвалі з’ехаць за мяжу, але для сябе я вырашыў: калі кудысьці і паеду, то толькі як госць.
Пляцоўка для дыялогу і прапаноў
Неаднаразова Натан быў дэпутатам моладзевага парламента. Сёння, на думку хлопца, гэтая структура патрэбна грамадству як ніколі. Моладзевы парламент павінен стаць платформай для дыялогу маладых людзей розных поглядаў і меркаванняў, лічыць юнак.

– Гэта пляцоўка для дыялогу, магчымасць гучна заявіць аб сваіх думках, ідэях і быць пачутым. Менавіта такая мэта была закладзена ў аснову стварэння моладзевага парламента. Мы перагледзелі некаторыя моманты і ўнеслі свае прапановы аб неабходных зменах у яго дзейнасці. Напрыклад, каб стаць дэпутатам, трэба рыхтавацца, распрацоўваць канкрэтныя праекты. Але, аналізуючы вопыт, магу сказаць: каля 95 працэнтаў ініцыятыў патрабуюць значнай фінансавай падтрымкі. Таму акрамя ідэі важна ўяўляць сабе канкрэтныя спосабы яе ажыццяўлення, крыніцы інвестыцый. Нельга спадзявацца, што нехта падрымае ініцыятыву і ўсё за цябе зробіць. Прыйдзецца працаваць.
Праекты дабрачыннасці і сацыяльнага прадпрымальніцтва
Мабыць, такая пазіцыя і дапамагала хлопцу дабівацца поспеху ў ажыццяўленні асабістых прапаноў. Натан заснаваў свой культурна-асветніцкі фонд «Кіслеў». Гэта праект полікультурнай адукацыі і асветы моладзі, міжканфесійнага і міжнацыянальнага дыялогу. Сёння ён прызнаны паспяховым. У 2018 годзе ў рэспубліканскім конкурсе «Лідар года» ініцыятыва была вызначана лепшай у краіне.

– Дзякуючы фонду за ўвесь час было праведзена каля 20 мерапрыемстваў, у тым ліку міжнародных. Распачаў працу першы ў Беларусі цэнтр талерантнасці. Нядаўна мы арганізавалі сустрэчу моладзі з Расіі, Беларусі, Украіны, Германіі і Польшчы. Разам стварылі выставу на тэму «Халакост у гісторыі маёй сям'і», якая адкрыецца 5 лістапада ў Мінску, – працягвае Натан.
Цяпер юнак марыць адрадзіць яўрэйскі квартал у Гродне. Ідэя ўзнікла даўно, быў распрацаваны бізнэс-план, знойдзены патэнцыйныя інвестары, з якімі вялася сур’ёзная размова, але з-за пандэміі дамовіцца не ўдалося. Прыйшлося шукаць іншае выйсце.
– Мы ведаем, адкуль можна прыцягнуць інвестара, але каб з ім гаварыць, трэба заручыцца падтрымкай з боку дзяржавы на самым высокім узроўні, – тлумачыць Натан. – Толькі ў такім выпадку мы зможам правесці гутарку і ўсталяваць кантакты. Калі атрымаецца, гэта будзе, бадай, адзін з самых вялікіх у Беларусі праектаў сацыяльнага прадпрымальніцтва. Большую частку дахода з аб'екта плануецца аддаваць на дабрачыннасць, у тым ліку на дзейнасць моладзевага парламента, на выдзяленне грантаў у падтрымку моладзевых ініцыятыў і стартапаў. У маім жыцці было многа людзей, якія дапамагалі мне. Хочацца таксама быць карысным, падтрымліваць такіх жа маладых хлопцаў і дзяўчат с палаючымі зацікаўленымі вачыма.
Беларусь: з павагай да розных культур
Акрамя іншага Натан кіруе грамадскім аб’яднаннем яўрэйскай культуры імя Лэйба Найдуса. У Беларусі, кажа хлопец, аднолькава паважаюць усе нацыянальнасці і рэлігіі. Людзі не проста паважліва ставяцца да розных культур, але і цікавяцца іх гісторыяй, традыцыямі, светаўспрыманнем.

– Беларускае грамадства талерантнае. Улада абараняе і падтрымлівае ўсе нацыянальнасці і канфесіі. На жаль, так адбываецца не ў кожнай краіне, – разважае Натан. – Кіраваць абшчынай – вельмі адказная справа. Трэба прыцягваць моладзь, каб рабіць сапраўды яскравыя рэчы. На вуліцы Замкавай ёсць стары інтэрнат. Было б добра там размясціцца, атрымаўшы будынак у карыстанне фонда. Але патрэбна даказаць, што на гэтай пляцоўцы магчыма рэалізаваць шмат ініцыятыў, карысных і цікавых. Спадзяюся, у нас атрымаецца. Зараз жа мы рыхтуем праект па ўсталяванні на гандлёвым цэнтры АВС мемарыяльнай дошкі ў памяць Лэйба Найдуса.
Усё магчыма, калі захацець
Штодзённая праца ў розных праектах часам стамляе, прызнаецца хлопец. У такія моманты важна ўмець адпачываць душой.

– Я вельмі люблю граць на фартэпіяна. Раней сур’ёзна займаўся музыкай, потым кінуў, таму што з’явіліся іншыя захапленні і інтарэсы. Але часам люблю зноў дакрануцца да клавіш. А яшчэ зрэдку малюю. Чаму зрэдку? Таму што, мабыць, надта імкнуся да ідэалу і, калі не атрымоўваецца, пачынаю злавацца, – усміхаецца Натан.
Праз пяць ці дзесяць гадоў, вызначае юнак, ён бачыць сябе такім жа актыўным грамадскім дзеячам, добра адукаваным, з яшчэ больш глыбокім поглядам на жыццё. Побач, як і заўсёды, павінны быць людзі, цікавыя і неабыякавыя, а ў сэрцы – адчуванне, нібы ўсё ў жыцці магчыма, калі сапраўды гэтага захацець.
Оперативные и актуальные новости Гродно и области в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!