Ала Клемянок

Ала Клемянок

 

 

Клемянок Ала Леанідаўна – журналіст, паэтэса, член Саюза пісьменнікаў Беларусі з 2003 года. Лаўрэат літаратурнай прэміі імя Цёткі (Алаізы Пашкевіч). Нарадзілася ў г. Маладзечна Мінскай вобласці. Закончыла факультэт журналістыкі БДУ. Працавала на радыёзаводзе “Спадарожнік”, у дзіцячай бібліятэцы, карэспандэнтам шматтыражнай газеты «Приборостроитель» МЗСПВ, рэдактарам газеты Маладзечанскага гарсавета “Наш дзень”. З 1995 года жыве ў г. Смаргонь Гродзенскай вобласці, працуе загадчыкам аддзела культуры, маралі і права раённай газеты “Светлы шлях”. 

Друкавацца пачала з 1977 года ў мясцовай маладзечанскай газеце і ў рэспубліканскай прэсе. Вершы змяшчаліся ў часопісах “Маладосць”, “Полымя”, “Куфэрак Віленшчыны”,  штотыднёвіку “Літаратура і мастацтва”, альманахах і калектыўных сборніках паэзіі. Выдала чатыры кніжкі вершаў: “Яны не ведалі мяне”  (Маладзечна, 1999), “Бывай, Альба Рутэнія” (Гродна, 2007), “Рэфлексіі” (Гродна, 2010), “Не пускайце ў сэрца адзіноту” (Мінск, 2013). Вядзе ўласны Інтэрнэт-блог. Піша на беларускай мове. 

***

Усе пайшлі. Усе за небакраем. 

За той мяжой, адкуль няма вяртання. 

Усе, хто сведкай быў майго адчаю,

Хто ў змрок ператварыў маѐ світанне. 

Усе пайшлі. Мне не лягчэй ніколькі. 

Зласлівасці няма, як і спатолі. 

І месяц апельсінаваю долькай

Не зваліцца ў далоні мне ніколі. 

Каханне будз ечыстым, ранак – светлым,

І нехта, абдымаючы за плечы, 

Мне скажа: – У разгары тваё лета, 

А ты - прахалады, а ты – правечнасць.

***

Не спрабуйце мяне супакоіць хлуснёй,

вы мяне прыніжаеце гэтым і толькі.

У згрызотах штодзённых ратуецца той,

хто рэальна ўспрымае іх кожную больку.

Анаболікі мне не парыце ў душу,

каб не стала яна неўспрымальнай да болю,

Не смаліце мне ў мозг дурнап’ян, анашу,

бо няма ў забыцці ні святла, ні спатолі.

Не лічу мазахізмам жаданне сваё,

Не лічу за юродства ні шчырасць, ні веру.

Не спрабуйце мяне супакоіць хлуснёй,

каб аднойчы для вас не закрыла я дзверы…

***

Місія мая на гэтым свеце – 

звязам быць у ланцужку жыцця,

і служу я не высокай мэце,

я – вышыняў сціплае дзіця.

Я – зямное пераўвасабленне

мар, памылак і надзей Тварца,

ёсць інтрыга ў маім з’яўленні,

у маіх пакутах без канца,

у настойлівым супрацьстаянні

сквапнасці і хцівасці зямной.

Божа, дай мне сіл на пакаянне,

абдымі любовію Сваёй.

***

Ад штучнага святла

губляюць пільнасць зрэнкі.

Глядзі лепш на агонь,

на зоркі ці ваду!

У зеляніне дрэў

знайдзі мільён адценняў,

у квецені лугоў – 

вясёлак чараду.

Бясколерны ручай

ці сіняя рачулка

у промнях залатых

іначай заблішчаць,

і пырскаў брыліянт,

як феерверк над вулкай,

пачне Сусвет будзіць

і зрок твой ачышчаць.

Глядзі ў вочы мне,

яны табе не схлусяць,

зялёны колер іх

зусім не да бяды.

Там мора малахіт,

там ізумруд азёраў,

там сакавітасць траў

і сціпласць лебяды.

Редакция газеты «Гродненская правда»