Cтрачаныя святыні горада над Нёманам

Якія страчаныя святыні калісьці вызначалі аблічча горада над Нёманам? Пра гэта расказвае кандыдат гістарычных навук і дацэнт кафедры гісторыі Беларусі, археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Аляксандр Горны.


Фара Вітаўта

Адным з галоўных архітэктурных прывідаў нашага горада з’яўляецца знакамітая Фара Вітаўта. Як гаворыць Аляксандр Горны, храм меў вельмі складаны, трагічны лёс. Ён часта гарэў, часта перабудоўваўся. 

Збудаваны ў часы князя Вітаўта ў 1392 годзе, ён спачатку быў драўляным. Пры Стэфане Баторыі на яго месцы вырас мураваны касцёл – адзін з буйнейшых на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Як адзначае гісторык, ён стаў сімвалам каралеўскага Гродна.

У другой палове XVIII стагоддзя Фара перажыла некалькі пажараў, у тым ліку моцны пажар 1782 года. У 1804 годзе храм перадалі праваслаўным і асвяцілі як Сафійскі сабор. У канцы XIX стагоддзя яго перабудавалі ў псеўдарускім стылі. У 1919 годзе храм вярнулі католікам – ён стаў гарнізонным касцёлам. Але ў 1961 годзе Фара Вітаўта была ўзарвана і цалкам знішчана.

photo_2026-08-28_11-54-09 (2).jpg

Барысаглебскі манастыр

Яшчэ адзін страчаны сімвал Гродна – Барысаглебскі манастыр, які калісьці знаходзіўся на месцы сучаснага драматычнага тэатра. Першае ўпамінанне датуецца XV стагоддзем. Спачатку ён быў праваслаўным, пасля Брэсцкай уніі стаў уніяцкім.

– У XVIII стагоддзі гэты манастыр быў даволі бедным. Але менавіта тут жылі і працавалі пісьменнік-палеміст Леў Крэўза і адзін з першых гісторыкаў гродзенскай святыні Ігнат Кульчынскі, – адзначае гісторык.

У 1853 годзе манастыр перанеслі на месца жаночага кляштара бернардзінак. Амаль сорак гадоў тут праводзіўся рамонт. У 1893 годзе яго асвяцілі ў гонар Афанасія Брэсцкага.

Асабліва цікавая старонка яго гісторыі – 1920-я гады. Менавіта тут размяшчаліся беларускія школа, кнігарня, рэдакцыі газет, сярод якіх – «Сялянская гутарка». Як дадае Аляксандр Горны, таксама тут дзейнічаў прытулак для дзяцей, якія страцілі бацькоў. У ім працавала Станіслава Буйло – сястра вядомай беларускай паэтэсы Канстанцыі Буйло.

У 1930-я гады Барысаглебскі манастыр спыніў сваё існаванне. Падчас вайны ён быў моцна разбураны. Сёння пра манастыр нагадваюць толькі старыя фотаздымкі.

photo_2026-08-28_11-54-09.jpg

Сафія Яновіч

 Читайте также:

Оперативные и актуальные новости Гродно и области в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!
Редакция газеты «Гродненская правда»