Фестываль кнігі і прэсы ў Лідзе аб’яднаў літаратуру і культуру
На пляцоўцы Гродзенскай вобласці з самага ранку гучаць вершы і роднае слова.

На пляцоўцы праходзяць сустрэчы з пісьменнікамі Беларусі, прэзентацыі і аўтограф-сесіі, прадстаўлены кнігі і перыёдыка ўсіх рэгіёнаў. Асобнай увагі заслугоўваюць элементы нематэрыяльнай культурнай спадчыны.
На пляцоўцы Гродзенскай вобласці з самага ранку гучаць вершы і роднае слова. Свае творы чытаюць аўтары Лідчыны, госці са сталіцы, творцы Гродна і іншых куточкаў Прынёмання. Слова сучасных аўтараў гучыць тут увесь дзень, запрашаючы гасцей далучыцца да знаёмства з сучаснай літаратурай.
Асобная ўвага - праекту “Гродзенскай праўды” “Праўнукі Перамогі” з творчымі эсэ-пісьмамі сённяшніх школьнікаў, адрасаванымі дзядулям і прадзядулям, удзельнікам Вялікай Айчыннай вайны.
Прадстаўлены таксама выданні, якія пабачылі свет на Гродзеншчыне і прысвечаны Прынёманскаму краю і яго выбітным людзям. Азнаёміцца з імі могуць усе госці.
Да таго ж, менавіта гродзенская пляцоўка – самая смачная. Сярод элементаў нематэрыяльнай спадчыны – адметныя кулінарныя традыцыі рэгіёна. Гэта нацкія дзеруны, свіслацкая банкуха, традыцыйная адэльская кухня, ваўкавыскія і слонімскія вясельныя караваі. Гаспадыні ахвотна дзеляцца рэцэптамі і сакрэтамі прыгатавання.

У павільёне Віцебскай вобласці можна самастойна зрабіць гравюру і ў нейкім сэнсе дакрануцца да спадчыны Францыска Скарыны. На друкарскім станку, вырабленым па чарцяжах XVII стагоддзя, можна вырабіць лінагравюру. Гэта сучасны варыянт, бо у часы Скарыны пласціны, на якія наносілася фарба, былі драўлянымі. А вось малюнкі дакладна пераносяць нас у часы першадрукара. На памяць аб свяце можна зрабіць ўласную гравюру з тытульнымі лістамі “Прытчы Саламона”, “Малой падарожнай кніжыцы”.
Побач з літаратурнай традыцыяй – багатая беларуская культура з мастацтвам і традыцыямі, якія беражліва захоўваюцца ў розных рэгіёнах і маюць свае адметныя рысы. Магілёўшчына, да прыкладу, вядома выцінанкамі. Сёння гэту традыцыю ў Бабруйску падтрымлівае, развівае і передае наступным пакаленням Любоў Гарбар.
- У першым класе піянер-важатая прынесла нам сняжынкі з бумагі. Мы так дзівіліся, але я неяк папорціла адну, на мяне злаваліся. А я насупілася і кажу, што яшчэ лепшую зраблю. З той пары і выразаю іх - амаль 60 гадоў, - з успешкай распавяла Любоў Гарбар.

Сёння яе вырабы – сапраўдныя творы мастацтва, вытанчаныя і непаўторныя, дасканалыя ў дэталях.
- Магу не адну гадзіну правесці за працай, - кажа майстар і паказвае ажурнае дрэва. – Яго выразала пяць гадзін. Але, я лічу, час, прысвечаны мастацтву, у лік жыцця не ідзе. Мы не старэем, калі займаемся творчасцю, - зноў з усмешкай кажа Любоў Гарбар.
Паспрабаваць сябе ў выцінанцы можа любы наведвальнік пляцоўкі і зрабіць сувенір на памяць – анёлка ці птушку шчасця.


Мінскі раён здзівіў дыванамі ў тэхніцы аплікацыі саломкай па тканіне, Гомельшчына запрасіла ў сапраўдны ткацкі куток, дзе можна нават сесці за кросны.
Народны майстар Беларусі з Бярозаўскага раёна Брэсцкай вобласці Таццяна Зданевіч знаёміць гасцей з традыцыйным роспісам па шкле, які быў папулярным і распаўсюджаным у Бярозаўскім і Пружанскім раёнах у 50-60-я гады мінулага стагоддзя. А ўвогуле традыцыі больш 100 гадоў.
- Чорнай тушшу – звычайнай, якой пісалі ў школе, малявалі контур па малюнку, а пасля рабілі каляровую заліўку. Для гэтага бралі гуаш, акварэль, алейныя фарбы. Таксама выкарыстоўвалі лак, пасля якога карціна нібы зіхаціць, - распавяла народны майстар. - Яшчэ адна адметнасць - выкарыстоўванне змятай фальгі, якая давала фактуру.
Як кажа Таццяна Зданевіч, мастацтва было даступным і вельмі распаўсюджаным спосабам упрыгожыць жыллё. Дарэчы, у гэтай тэхніцы не толькі рабілі карціны, але і нават упрыгожвалі столі.
На дыванах народнага майстра з Глыбокага – знаёмыя матывы беларускага мастака Язэпа Драздовіча. Але гэта працы нашай сучасніцы Святланы Скавырка. Майстар кажа, што насамрэч любіць звяртацца за спадчыны мастака і рабіць дываны ў тэхніцы роспісу па тканіне па матывах яго прац. А вось у Лідзе, кажа, абавязкова б намалявала Лідскі замак. Ёсць на імправізаванай выставе і яе адна з найлепшых работ – анёлы, якія трымаюць вясёлку. Гэта работа некалі на Славянскім базары атрымала гран-пры. У якасці знаёмства з тэхнікай Святлана Скавырка запрашае на майстар-класы – можна зрабіць закладку ў кнігу.




Оперативные и актуальные новости Гродно и области в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!