Ганна Скаржынская-Савіцкая

Ганна Іосіфаўна Скаржынская-Савіцкая – дзіцячы пісьменнік, член Саюза пісьменнікаў Беларусі. Нарадзілася 3 жніўня 1966 года у вёсцы Куцы Лес Шчучынскага раёна Гродзенскай вобласці ў мнагадзетнай сям’і. У 1981 годзе закончыла Таневічскую васьмігадовую школу. У 1985 годзе – Гродзенскі хіміка-тэхналагічны тэхнікум. З 2008 года творы пісьменніцы друкуюцца ў часопісах “Вясёлка”, “Бярозка”, “Рукзачок”, “Пралеска”, “Целитель”, “Детские сказки”, у шматлікіх газетах. Надрукаваны ў калектыўных борніках: “Пакліч у госці сонца”, “Вясёлка”, “На прасторах любай Беларусі”, “Пяшчота верасу”, у альманаху “На нёманскай хвалі”.
Творы пісьменніцы ўключаны ў падручнік для пазакласнага чытання “Чарадзейнае слова” (3 кл.), у падручнік для пазакласнага чытання (4 клас), таксама ў “Літаратурнае чытанне” для 4-га класа. Казкі і апавяданні гучаць у перадачы “Вячэрняя казка” на беларускім рэспубліканскім радыё. Выдала кнігі для дзяцей: “Вечарынка”(2008), “Расінка і Сонечны зайчык”(2010), “Приключения хомячка Тошки”(2010), “Казкі-чамучкі”(2013), “Прыгоды хамячка Тошкі”(2013), “Надзейка-чарадзейка”(2014, дапоўненае перавыданне ў 2016), “Вавёрчын баравік”(2014), “Кветка малой радзімы”(2014), “Мішка-прывід”(2016), “Как ребята Деда Мороза спасали”(2017), “Сказка о волшебном путешествии в мир воды”(2018).Ганна Скаржынская-Савіцкая – лаўрэат прэміі імя А. Дубко Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта “За творчыя дасягненні ў галіне культуры і мастацтва” ў намінацыі “Пісьменнік года-2014”, лаўрэат Нацыянальнай літаратурнай прэміі Рэспублікі Беларусь у намінацыі “Лепшы твор для дзяцей і юнацтва 2014 г.” за зборнік казак “Надзейка-чарадзейка”. Жыве і працуе ў Гродне. Піша на беларускай і рускай мовах.
МАЙ РАСКВІТНЕЎ
Бела-ружовыя кветкі ўсюды…
Што гэта? Што гэта? Майскія цуды?!
Шчэбет у садзе птушыны і спеў –
Яркімі фарбамі май расквітнеў.
Жоўтымі вочкамі лотаць міргае,
з дзьмухаўцам* ветрык вясёлы гуляе,
сонейка ветліва ўсім падміргнула –
цёплымі промнямі ў рэчку нырнула.
У садзе, на лузе зялёным, у лесе –
май расквітнеў звонкай раніцай весняй.
ДА БАБУЛІ
Прытулілася да лесу
бабуліна хата.
Вёска ў адну вуліцу,
ды ўнукаў багата.
Паўлік, Янка, Мартачка…
Дзецям не да гуляў:
Паехалі, татачка,
на печ да бабулі!
Там, на печы, бабка
садавіну* сушыць.
І паўнюткія мяшкі
яблыкаў і грушаў.
Вітамінчыкаў жывых
наямося ўволю,
каб здаровенькімі быць –
не хварэць ніколі.
Нам бабуля напячэ
дранікаў бульбяных
і з варэннем піражкоў –
смачных і духмяных…
Усміхаецца бабуля,
сонцам ззяе хата.
Завіталі ў госці ўнукі –
і ў бабулі свята.
Я СПЫТАЛА РУЧАЁК
Я спытала Ручаёк:
Ты адкуль бяжыш?
Здалёк,
з таго лесу, з па-за гаю,
дзе дзяцінства ярка ззяе.
Песняй звонкай жаўруковай
поўняцца лугі, палеткі.
Каля рэчкі васільковай
весяляцца дзеткі.
А ў вянкі сплятаюцца
жыта з васількамі.
Там шуміць і хваліцца
лес баравікамі.
Божая кароўка
ў расе купаецца,
павучок зялёны
з матыльком вітаецца.
У хусцінцы белай
мама каля хаты,
а на лузе косіць
раніцаю тата.
Мне б хоць на хвілінку
ў родны дом вярнуцца,
і ў дзяцінстве светлым
зноўку апынуцца…
Усміхнуўся Ручаёк
ветліва, прывабна
і да берага майго
падагнаў караблік.