Хатняя фабрыка ткацтва і фальклорныя танцы. Этнаэкскурсію ў мінулае праводзяць ў Абухава (+відэа)

Хатняя фабрыка ткацтва і фальклорныя танцы. Этнаэкскурсію ў мінулае праводзяць ў Абухава (+відэа)

Даўно марылі зазірнуць у акенца да продкаў і пабываць у сельскай хатцы, як у «Паўлінцы»?! Адпраўляйцеся ў аграгарадок Абухава. У каларытным музеі гасцей сустракаюць пірагамі і гарбатай, расказвае СТВ


Ірына Стральчэня, загадчык гаспадаркі абухаўскага Цэнтра культуры, кіраўнік музея «Сялянская хата»:

- Гатавалі ежу ў пячы. Якая была ежа. Каб яе зараз паспрабаваць, так гэта ж немагчыма. Такую не зробяць цяпер нідзе: ні ў рэстаране, ні ў кафе. Перад вялікім святам (Сёмуха, Каляды, Вялікдзень) матуля паставіць туды, у печ, каўбаску або кумпячок. Якія пахі ідуць. А мы малыя сядзім на пячы і кніжкі чытаем. 

2.png

Тут можна даведацца, як працавала хатняя фабрыка ткацтва – кросны. Зазірнуць у куфар з пасагам і люстэркам, якое памятае лепшыя сукенкі тагачасных модніц. Сагравае кожны экспанат.

3.png

Ірына Стральчэня:  

- Клалі вугалёчкі.  

Анастасiя Макеева, карэспандэнт:

- Які гэта год?

Ірына Стральчэня:

- Можа 910, 915 вось так. Гэта передала нам Іра Пятроўна з Абухава, на беларускай мове гэта гучала як «прас».

4.png

У маслабойцы з цёплага малака збівалі залацістае масліца. Плялі саламяных павукоў, якія засцерагалі дом. Ткалі ракой ручнікі. Яны суправаджалі нашых прабабуль і прадзядуль ад нараджэння да самай смерці. Імі сустракалі маладых і ўпрыгожвалі чырвоны кут. Кожны захоўвае цяпло рук гаспадынек.

5.png

Ірына Стральчэня:

- Калі нараджаецца дзіця, тая жанчына, якая будзе яго хрысціць, яна павінна прыйсці ў першы дзень з ручніком. А калі яна ведае, што ўжо будзе хрысціць тое дзіця, яна павінна перадаць ручнічок на роды. Калі жанчыны або дзяўчыны мелі цяжкі лёс, можа дзяўчына замуж доўга не выходзіла, яны сядалі, вышывалі ўзорамі, закладвалі ўсе свае думкі туды, каб усё было добра, каб паправілася іх доля.

6.png

Анастасiя Макеева:

- Вандроўкі ў мінулае ў Сялянскай хатцы ствараюцца на кожным кроку. Так гэты калодзеж называўся «журавей», дзе кожны мог набраць студзёнай вады.  

7.png

На падворку можна зазірнуць нават да бортнікаў. Усе экспанаты родам з Гродзеншчыны. Гэтыя ходнiкi прывезлі з вёскі Старыя Паддубы Шчучынскага раёна. Па іх бегала не адно пакаленне. Але самы сівы рарытэт – кніга тварэнняў Іаана Златавуста ад 1895 года.   

8.png

Ірына Стральчэня:  

- А вось гэты ложачак быў зроблены для мяне, як нарадзілася я, і яму 58 год. І калі 2 гады назад мая дачка прыязджала, то мы бралі да хаты яго і калыхалі дзіцятка ў ім.  

9.png

Пасля этнаэкскурсiі можна ладзiць вячоркi. Народны фальклорны гурт «Жывіца» навучыць танчыць сваё з асалодай. Кадрылi-падыспанi яны збiраюць у экспедыцыях па малой радзіме, каб захаваць для новага пакалення. У народным хіт-парадзе ўжо за 60 танцаў.  

11.png

Дзяніс Балабуеў, загадчык Квасоўскага цэнтра культуры і развіцця народнай творчасці:

Танец – гэта неад'емная частка культуры, якую таксама трэба захаваць, менавіта танец бытавы. Тыя танцы, якія танчылі на вячорках, у якім прызнаваліся ў каханні, нават ездзілі ў Маскву выступаць, думалі, чым жа там здзівіць гледача. І без аб'явы, без нічога затанчылі польку. Адразу сказалі: беларусы прыехалі. Польку-шабасоўку, польку дробную, польку-кракавяк, польку-качан таксама танчым. Полек 8 мы ведаем.  

Оперативные и актуальные новости Гродно и области в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!

Редакция газеты «Гродненская правда»