Людміла Кебіч

 

2c33d1b17b6b92dc1987567609d0b3e6.jpg

 

 

Кебіч (Вайтулевіч) Людміла Антонаўнанарадзілася 17.07.1951 года ў г.п. Краснасельскі Гродзенскай вобласці Ваўкавыскага  раёна. Паэтэса, празаік, публіцыст, ганаровы член СПБ. Старшыня Гродзенскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”. Лаўрэат прэміі імя А.І.Дубко Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта “За творчыя дасягненні ў галіне культуры і мастацтва ў 2002 годзе” ў намінацыі “Пісьменнік года”. Узнагароджана нагрудным знакам “За ўклад у развіццё культуры Беларусі”(2009). Пераможца Рэспубліканскага літаратурнага конкурсу “Лепшы твор года” ў намінацыі “Песенны жанр” за цыкл песень “Словы прызнання”– “Залаты Купідон” (2010).

Выдала кнігі: “Па музычных законах”, “Зялёная рутвіца”, “На беразе белай ракі”, “Ключы ад Неба”,  “Фиолетовый дракоша”, “Светач мастацтва”,  “Непераможны колер охры”, “Фантазія творцы” (2012, у сааўтарстве), “На мове сэрца” ((2013, у сааўтарстве), “Дамінанты лёсу” (2013), “Мой город Гродно” (2014), “Рай для адзіноты” (2016), а таксама  два зборнікі песень. Вершы ўвайшлі ў падручнікі “Музыка” для 2-га класа (выдав. “Адукацыя і выхаванне”, 2013).З творчасцю Людмілы Антонаўны таксама можна сустрэцца на старонках літаратурнай перыёдыкі і калектыўных зборнікаў. Жыве ў г. Гродна. Піша на беларускай мове. 

МАЁЙ  РАДЗІМЕ

Мая ласкавая, пяшчотная радзіма,

сагрэй мяне агнём сваёй любові,

і, можа, я адтану ўсім на дзіва,

знайду адхланны тон у роднай мове.

Твая любоў мне найдарожшы падарунак.

Якое шчасце жыць, дзе нарадзіўся!

Дзе першы крык – як першы паратунак –

з жыццём Айчыны назаўсёды зліўся.

Ты прыгарні мяне зялёнымі рукамі

палёў вясновых і лугоў квяцістых

ды правядзі сваімі доўгімі шляхамі

да рэк крыштальных і азёраў чыстых.

О, як прыемна засынаць пад шапаценне

дуброў вячыстых, залатога збожжа,

няхай не сонцам быць зіхоткім, але  ценем,

ды толькі каб пад небам тваім гожым.

Ты падтрымай, прашу, мяне ў штодзённым коле

зямных турбот і думак, часам грэшных,

каб  упілася не віном журбы, а воляй,

і захлынулася ад радасці няўцешнай.

З тваіх шляхоў ужо ніколі мне не збіцца,

на гэтым свеце (дый на тым, магчыма),

майго жыцця невычарпальная крыніца,

да забыцця любімая радзіма. 

О, БЕЛАРУСЬ

О, беларусь мая, –

рай для вачэй!

Зорныя колеры

ціхіх начэй.

Ранак вясёлкавы,

сонечны дзень,

сэрцы адкрытыя

добрых людзей.

О, Беларусь мая, – 

родны мой кут!

Шчасце, што я

нарадзілася тут,

дзе васільковая

неба вуаль,

светлы, як мара,

рамонкавы баль.

Дзе разняволены  

думкі і сны,

белыя крылы

ў буслоў і вясны.

Дзе векавечныя  

сосны і сум,

дзе я свой крыж 

без ваганняў нясу.

Тут, па-над Нёманам,

родны мой дом,

дзе п’ю любоў 

і каханне нагбом.

Тут мая мова

мілей і званчэй…

О, Беларусь мая, –

рай для вачэй! 

ПЕРАД КРЫЖАМ 

па карціне Д. Іваноўскага “Бацька перад крыжам”

Калі на сэрца цісне груз жыццёвы,

калі душа – як на лязе нажа,

калігаючых не хапаесловаў,

тадыіду да Богава Крыжа.

Свядома кленчу прад святым распяццем

і горача Збавіцеля прашу

прабачыць і яшчэ раз дараваць мне

за ўсё, што назапасіў і нашу.

Стаю, малюся, і перад вачыма

гады ляцяць, бы ў вырай жураўлі…

А я пражыў век у сваёй Айчыне

і не цураўся роднае зямлі.

А што я, апроч працы, бачыў, зведаў?

Не, я Табе не скарджуся, мой Бог!

Хапала мне і радасцяў і бедаў,

вялікіх страт і дробных перамог.

Усё зрабіў, здаецца, для радзімы:

дом збудаваў і пасадзіў садок,

дзяцей узгадаваў, дык дай магчымасць

пацешыцца, пажыць яшчэ гадок.

Напэўна, болей мне, чым іншым, трэба.

і з-за таго шчыміць мая душа

і мкне ў бясконцасць велічнага Неба,

на адваротны бок Твайго крыжа.

Мой Божа, Ты адкрыў мне столькі ісцін,

а гэтая – усведамлення звыш:

з якога боку ты б не станавіўся, 

заўжды перад табою будзе Крыж.                         

Редакция газеты «Гродненская правда»