Уладзімір Руль

Уладзімір Руль

 

 

Руль Уладзімір Валяр’янавіч нарадзіўся  3 верасня 1953 года ў вёсцы Матылі Шчучынскага раёна Гродзенскай вобласці. Паэт, празаік, краязнавец. Член Саюза пісьменнікаў Беларусі.   Вершы і артыкулы Уладзіміра Руля з 2000 года друкуюцца ў мясцовых і рэспубліканскіх выданнях.  Лаўрэат конкурсу “Серебряные строки”, праведзенага газетай “Белорусская нива” (2004). Выдаў зборнік вершаў  “На зорных шалях вечнасці”, за які атрымаў дыплом першай ступені на рэспубліканскім конкурсе, прысвечаным 125-годдзю з дня нараджэння Я. Коласа.У 2009 годзе выдаў кнігу краязнаўчага накірунку “Пра Нарбутаў моўлю я слова…”. Жыве ў вёсцы Нача  Воранаўскага раёна Гродзенскай воласці.

ТРЫ ЛІСТЫ ДА МАТУЛІ

Ліст першы

Матуля, 

Надзеўшы цярновы вянок, 

На пошукі праўды я крочу…; 

Рой слоў, што ляцяць мне ў вочы 

Натую ў стромкі слупок. 

Віхура няўпыннасці мной 

Кіруе без стомы і жалю. 

Рашучасць маю зацуглялі 

Жаданні з надзеяй святой. 

Бянтэжаць штодня крумкачы, 

У твар насміхаюцца блазны, 

Відаць з паняверкай заразнай 

Спрабуюць гуртом заручыць. 

Начамі ад вохкання соў, 

Пад рогат прароцтваў сычовых, 

Павер, мама, цяжка адмовіць 

Душы, што імкнецца дамоў.

Тады дух – душы маёй брат – 

Тлумачыць ёй доказна тое, 

Што надта ж жаданне благое – 

Жыць век па маралі ягнят. 

Дух ёй унушае: “Сястра, 

Не будзь жа такой палахлівай. 

Зацятасці, сіле маўклівай 

Вучыся ў мяне, змагара! 

Павер мне і моцы ў той раз 

Сабе дадасі назаўсёды; 

Надзейнымі сіламі згоды 

Знітуе паход гэты нас!” 

Рашучы такі маналог 

Гучыць у дарозе нярэдка, 

Яго чуюць вечныя сведкі: 

Зямля і нябесны разлог. 

Зіма 2000 г. Сын.

Ліст другі

Матуля, 

Твае тэлеграму і ліст 

З крыклівай сарочынай поштай 

Прынѐс дзяцел-тэлеграфіст, 

Ды толькі, матуля, навошта 

Ты пішаш у іх, што дарма 

Надзеў я адзнаку Хрыстову – 

Сакральнай жа моцы няма 

Ў зямных маіх стомленых словах! 

Мяркуеш, што быццам сугней 

Іду паміж злосцю і дзівам. 

Пытаешся, дзе быў раней? 

На што траціў сілы вірліва?

Не верыш у тое, што я 

Адолею выпрабаванні – 

Маўляў, лёс як злыдзень-суддзя 

Мяне перадасць на закланне

Няўдачам, нягодам, журбе – 

Праявам тужлівым і змрочным… 

Паслухаць, матуля, цябе, 

То ўжо й мой фінал відавочны: 

Вось я – недарэчны слабак – 

Брыду з паўдарогі дадому 

З адзіным жаданнем: няўзнак 

Не трапіць на вочы нікому! 

А мой нечуваны намер, 

Насамрэч фантом ілюзорны – 

Напэўна, паслужыць цяпер 

Навукай для ўсіх непакорных. 

Вясна 2002 г. Сын.

Ліст трэці

Матуля, заўважыць дазволь: 

Прыносяць мне прыкрасць і боль 

Такія твае меркаванні 

Аб сэнсе майго існавання. 

Уладнасцю Божай рукі 

Скрыжальна фіксуюць вякі, 

Што я не туляга – вандроўнік – 

Да твару мне востры цярноўнік. 

Пражыўшы нямала гадоў, 

Я страціў павагу да слоў, 

Якія гучаць апраўданнем 

Пазіцыі той, што дазвання 

Нібыта пякучка-хвароба, 

Звяла ўшчэнт найлепшыя пробы 

У норавах мноства людзей, 

Па-мойму, таму ўсё радзей 

Гучаць справядлівыя словы, 

Якіх мне падчас дастаткова, 

(У якасці шчырай падтрымкі), 

Каб крочыць далей без затрымкі. 

Я страхі твае разумею, – 

Ды ведай, што поспех мой спее: 

Няўпэўненасць, стома і здрада, 

Адстаўшы ледзь клыпаюць ззаду. 

Павер мне: я ў поўным парадку 

І трохі папляскай у ладкі, 

Бо ўжо відавочны прыкметы 

Таго, што за макаўкай лета 

Я ў ясным разлозе заўважу 

Абрысы жаданай прапажы. 

Лета 2004 г. Сын. 

P.S. 

Даруй мне настойлівасць, мама, 

Даруй доўгі шлях гэтаксама. 

Не будзь ва ўжо звыклым адчаі, 

Бо пошук свой я завяршаю.

Редакция газеты «Гродненская правда»